Павел Усаў: хто яшчэ верыць у добрага бацьку?


А ў нас Аляксандр Лукашэнка ў ролі клапатлівага і шчодрага аладына, які выконвае жаданні. Маці шматдзетнае сям’і Снігір з вёскі Ясень Асіповіцкага раёну піша ў адміністрацыю і просіць… карову.

І просьба пачутая маланкава. Карова ўжо на падворку сям’і. Будзе і малако для дзяцей, і нават цяля да вясны.

Карова ўжо мае і імя – Белка. І сама па сабе незвычайная: дае ажно 25 кілаграмаў малака за содні. Новыя гаспадары кажуць, што цяпер хопіць на пяцёх дзяцей у сям’і. Старэйшаму з якіх шэсць гадоў. Галава сям’і працуе механізатарам, жонка займаецца дзецьмі. Але за заробак у калгасе і дзіцячую дапамогу не атрымлівалася набыць карову. Жонка напісала на сайт кіраўніка краіны паціху ад мужа. І не спадзявалася, што нешта атрымаецца. Цяпер сям’я Снігір вельмі ўдзячная за падарунак.

У «Гарачым каментары» – палітолаг Павел Усаў.

«Дзяржаўныя медыі распаўсюдзяць інфармацыю, пакажуць, якая шчырая душа ў беларускага лідара, як ён клапоціцца пра абяздоленых. І, безумоўна, гэта можа справакаваць людзей, каб яны зноў пісалі ў адміністрацыю, можа, ім падораць дом ці хатку. Гэта ж робіцца не коштам ягоных уласных грошай, а коштам агульнага нацыянальнага бюджэту. Такія падарункі для Лукашэнкі абсалютна нічога не азначаюць, але на ўзроўні палітычнага іміджу гэта плюс. Але таксама ўзнікае пытанне: хто яшчэ верыць у такога добрага бацьку?» – адзначыў Павел Усаў.