Павел Севярынец: Лукашэнка баіцца даць па руках «ватнікам» і агентам Крамля


Надпіс «ЛНР – сіла», а на лабавым шкле копіі доларавых купюраў. Невядомыя размалявалі аўта жонкі аднаго з лідараў прадпрымальніцкага руху Анатоля Шумчанкі. Актывіст не мае сумневаў, што хуліганская акцыя наўпрост звязаная з ягонай грамадскай дзейнасцю і праўкраінскай пазіцыяй.

«Сепаратысты з Данбасу ў Менску! Палітычная акцыя, правакацыйнага характару, у дачыненні да маёй сямʼі здзейсненая сёння. Раніцай патэлефанавалі суседзі і сказалі, што на аўто маёй жонкі надпіс фарбай. Напісалі наступныя словы: «ЛНР – сіла». Таксама пад шчоткі лабавога шкла паклалі копіі долараў! Відавочна, што дзейнічае арганізаваная група асобаў, палітычна матываваная, якая пачынае займацца падобнымі справамі. Сёння фарбай размалявалі, заўтра яшчэ што зробяць», – распавядае Шумчанка, які сёлета адмовіўся дапамагчы прадпрымальнікам з гэтак званай «Луганскай народнай рэспублікі» (ЛНР).



Паводле грамадскага актывіста і палітыка Паўла Севярынца, гэта не проста хуліганства, а яшчэ адзін доказ таго, што ў Беларусі паволі распачынаецца рэалізацыя «крымскага або данецкага сцэнару».

«Паўтары гады таму “Малады фронт” апублікаваў спіс “чорнае сотні” – 100 арганізацыяў, якія рыхтуюцца да ўзброенага заняцця Беларусі. За паўтары гады іх не стала менш, – кажа Севярынец. – Гэтыя людзі рыхтуюцца, праводзяць вышкалы ў Беларусі і Расеі і гатовыя па загадзе распачаць тое ж, што яны рабілі ў Крыме і Данбасе. Людзі, якія размалявалі аўта Шумчанкі – шчупальцы гэтых арганізацыяў… У любой нармальнай дзяржаве цягам содняў за такія хуліганскія, і нават, блізкія да тэрарызму дзеянні, іх бы ўжо арыштавалі і дэпартавалі ці асудзілі б, калі б стала вядома пра іхную датычнасць да ваенных злачынстваў».

ЮВ, belsat.eu