Павел Севярынец: «Чарніла» трэба забараняць


Савет міністраў прыняў квоты на вытворчасць алкаголю ў наступным годзе.

Квота на прадукцыю пладова-ягадных вінаў – вядомых у народзе як «чарніла» – вырасце на 80 %. І гэта, бадай лічба, якая ўражвае найбольш. Акрамя таго большая квота прадугледжваецца для моцных напояў як гарэлка і ром. І гэты пры тым, што нашая краіна стабільна займае першыя радкі ў сусветным рэйтынгу спажывання алкаголю.

У «Гарачым каментары» – сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

Новыя алкагольныя квоты – гэта кепска як для дзяржавы, так і для грамадзянаў, мяркуе Павел Севярынец.

«Так званае «чарніла» трэба забараняць. Яго не павінна быць у асартыменце дзяржаўных крамаў. Патрэбны якасны алкаголь – гэта адзін з крокаў абмежавання ўжывання алкаголю і наступстваў алкагалізацыі ўвогуле», – заявіў суразмоўца «Белсату».

Таксама Павел Севярынец выказаў сваё меркаванне, чаму павялічваюцца квоты:

«Нават наўпроставыя страты ад алкаголю – бытавыя траўмы, звязаныя з алкаголем, лекаванне – абыходзяцца дзяржаве прыблізна ў мільярд долараў штогод. Гэта вельмі сціплыя падлікі. Мне здаецца, маем справу з тым, што са спітым народам значна прасцей размаўляць, яго значна прасцей трымаць за горла – вось гэта галоўны палітычны складнік».

Фотаздымак на застаўцы да відэа «Белгазета»