Папа Францішак у Мексіцы, грошы з літоўскага галля, туркі зняпраўджваюць уварванне ў Сірыю


Чым літоўцы замяшчаюць расейскі газ?

І ў працяг тэмы энергетычнай незалежнасці, а канкрэтней – пра тэрміналы звадкаванага прыроднага газу. У порце літоўскай Клайпеды на гэтым тыдні чакаюць новы газавоз з Нарвегіі. Звадкаваны груз з гэтага агромністага карабля пойдзе ў газавую кампанію LDT, якою кіруе дзяржава, і на завод угнаенняў „Achema”. Раней яны куплялі сыравіну выключна ў “Газпрома”. Аднак зніжэнне коштаў на газ, якога пры дапамозе Еўразвязу дамаглася Літва, не спыняе пераходу краіны на “зялёныя тэхналогіі”.Каб перайсці з нафты і газу на «зялёную» энергію, патрэбныя час, абсталяванне і адмыслоўцы. Літва ўжо зрабіла заўважныя крокі на гэтым шляху: па ўсёй краіне, у кожным з 60 падзелаў-самакіраванняў, на электрастанцыях ёсць кацельні, што працуюць на біяпаліве.Прэзідэнт Асацыяцыі пастаўляльнікаў цяпла Вітаўтас Стасюнас кажа, пра рост удзелу біямасы ў цеплавой гаспадарцы:«Яна ў тры разы таннейшая за прыродны газ. Мінулы год мы скончылі з першаснымі звесткамі, што біямаса ў цеплавой гаспадарцы складае каля 62%».Біяпаліва – гэта любыя матэрыялы расліннага паходжання. Драўніна, трава, галлё, макуха і пілавінне, спаленыя на літоўскіх электрастанцыях, дазваляюць ашчадзіць да 100 тысяч тонаў нафтапрадуктаў штогод. Для прыкладу, магутнасць гэтай Віленскай электрастанцыі №2, найбуйнейшай, што працуе з біямасай у Літве, 60 МВт.«Турбіна можа выпрацоўваць з біямасай электраэнергію ў 16,5 МВт, і дзесьці 50 МВт ідзе на цяпло», – кажа Гіедрус Рудокас, начальнік службы эксплуатацыі віленскай ЦЭЦ-2.У пытаннях узнаўляльных крыніцаў энергіі нашая паўночна-заходняя суседка арыентуецца на досвед скандынаўскіх краінаў. Паводле планаў, у 2020 годзе доля біямасы ў кацельных цеплавых электрастанцыяў дойдзе да 85%.«Газ і нафта застануцца толькі для растопкі катлоў і каб пакрываць пікавыя нагрузкі, калі бывае вельмі халодна, і калі немэтазгодна ўсю магутнасць будаваць на біямасе», – заяўляе Вітаўтас Стасюнас.Дзякуючы спальванню расліннага смецця ў паветра не ідуць «лішнія» парніковыя газы, што добра супраць глабальнага пацяплення. А пасля кацельнай ад біямасы застаецца попел, які можна ўжыць як угнаенне на палях. Ганна Русінава перадае з Вільні

Папа Францішак наведвае самыя небяспечныя куткі Мексікі

Пасля гістарычнай сустрэчы з Патрыярхам Маскоўскім Кірылам, Папа Рымскі Францішак працягвае свой візіт у краіны Новага Свету. Пантыфік з’яўляецца першым каталіцкім лідарам – прадстаўніком гэтай часткі нашае планеты, а таму, у адрозненні ад сваіх папярэднікаў, запланаваў вельмі неспадзяваны маршрут. Падрабязнасці ў Яна Брыскера.

Фэдэрыка Магерыні: «За апошнія дні я не заўважыла клімату халоднае вайны»

Найбуйнейшыя краіны свету, ў тым ліку ЗША і Расея, дамовіліся аб спыненні баявых дзеянняў у Сірыі падчас Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі. Падпісанае пагадненне даволі няпэўнае, адзначаюць самі дыпламаты. Але яно хіба што адзінае магчымае ў тых умовах, што склаліся ў Сірыі.Падсумаванне галоўных падзеяў панядзелка – глядзіце у відэа.