Палітычны аглядальнік з Ізраілю: Краіна ваюе, таму пра дзедаўшчыну тут няма і гаворкі


Палітычны аглядальнік Яўген Сава патлумачыў, чаму ў Ізраілі няма такой дзедаўшчыны, як у краінах былога СССР.

У беларускім грамадстве не сціхае абмеркаванне дзедаўшчыны. Хранічная праблема перайшла ў вострую фазу пасля трагічнай смерці жаўнера тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў Печах. Як змагацца з канкрэтнымі выпадкамі дзедаўшчыны, калі вы ўнутры сістэмы? У праваабарончым цэнтры «Вясна» раяць: звяртацца па дапамогу ў дзяржаўныя структуры па-за вайсковай сістэмаю, то бок Следчы камітэт, пракуратуру, міліцыю, а таксама да ўласна праваабаронцаў і медыяў.

Праваабаронцы таксама раяць спрабаваць запісацца на прыём да міністра абароны і скіраваць запыт на ўнутраную праверку, калі вы сталі ахвяраю ці сведкам дзедаўшчыны. Тым часам, усё больш беларусаў заяўляюць пра недавер да ўсёй вайсковай сістэмы і ў прыватнасці да кіраўніка ведамства Андрэя Раўкова. Пад петыцыяй за адстаўку міністра на сайце zvarоt.by ужо падпісаліся больш за 11 тыс. чалавек.

Шэф бліжнеўсходняга бюро тэлеканалу RTVi, палітычны аглядальнік Яўгеній Сава, тры гады служыў ва Упраўленні правоў салдатаў пры Міністэрстве абароны Ізраілю. Сваймі развагамі ён дзеліцца ў эфіры «Белсату»:

«Паняцця дзедаўшчына ў разуменні, як мы ведаем па былым СССР, у Ізраілі, вядома, няма. Ёсць пэўныя нестатуныя адносіны, ёсць адносіны паміж старымі жаўнерамі і навічкамі. Гэта існуе ва ўсіх частках, такія традыцыі. Нехта лічыць такія традыцыі парушэннем статуту, нехта кажа, што з гэтым трэба жыць і гэтак далей. Але такой дзедаўшчыны, як мы прызвычаіліся гэта бачыць у расейскіх навінах, і сведчанні пра якую мы бачым у матэрыялах «Белсату», безумоўна, няма. Па-першае, краіна ваюе. Калі афіцэр з жаўнерам заўтра пойдзе ў бой, то ні пра якую дзедаўшчыну няма і гаворкі, бо гэтым людзям заўтра трэба абараняць адзін аднаго падчас бою».

Поўная версія размовы:

Яўген Сава таксама распавёў, куды звяртаюцца ізраільскія салдаты, калі парушаюцца іхныя правы:

«Я тры гады служыў у падраздзяленні, якое называецца Упраўленне па правах жаўнераў пры Мінабароны. Гэта ўнікальнае падраздзяленне, яно было створанае ў пачатку 1970-х гадоў. Чым унікальнае? У гэтае падраздзяленне можа звярнуцца наўпрост любы жаўнер, які служыць у ізраільскім войску, яму не трэба паведамляць пра гэта ні камандзіру брыгады альбо акругі. Цягам 24 гадзінаў, а нават хутчэй, калі скарга пільная, з жаўнерам кантактуе афіцэр гэтага падраздзялення. Пасля пачынаецца разбіральніцтва скаргі. Ёсць спецыяльны юрыдычны аддзел, які правярае, ці прыціснутыя правы жаўнера ў кантэксце канкрэтнага закону».

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu