Палітычны аглядальнік: Для Кіева галоўнае мінімізаваць дапамогу Менску Расеі


Вольга Паповіч у студыі «Белсату».

Гэта на Радзіме яны пачуваюцца вольна ды беспакарана. Даюць інтэрвʼю, выхваляюцца ўзнагародамі ды адкрыта распавядаюць пра планаваны працяг сваёй дзейнасці. А вось там, дзе чыняць свае злачынствы, ім давядзецца ўсё-ткі адказваць. Ува Украіне распачатая справа супраць беларуса, які ваяваў на Данбасе на баку сепаратыстаў.

Гэта першы падобны працэс у краіне па факце ўдзелу нашага суграмадзяніна ў складзе незаконных фармаванняў, які прывёў да гібелі людзей. На дадзеным этапе адбываюцца следчыя дзеянні, якія знаходзяцца на кантролі пракуратуры Луганскай вобласці. Цікава, што інфармацыя пра магчымы ўдзел беларуса ўва ўзброеным канфлікце ў зоне антытэрарыстычнай інфармацыі зʼявілася ўпершыню ў СМІ. У апублікаваным інтэрвʼю малады чалавек (меркавана, што гэта 33-гадовы жыхар Віцебску Сяргей Трафімаў) распавёў, што з верасня 2014-га па лістапад 2016-га ўдзельнічаў у складзе батальёна «Русь» і ваяваў у раёне гораду Шчасце ды пасёлка Вялікая Гара. У «Гарачым каментары» – палітычны аглядальнік Вольга Паповіч.

«Не думаю, што працэс беларускага баевіка выклікае вялікую цікавасць медыяў і грамадства, як беларускага, так і ўкраінскага. Таксама не думаю, што працэс неяк моцна паўплывае на палітычныя стасункі паміж Менскам ды Кіевам. У прынцыпе Менск займае даволі зразумелую для Кіева пазіцыю ў пытанні гэтай вайны. Для Кіева галоўнае рабіць усё, каб мінімізаваць уздзеянне ці дапамогу Менску Расеі», – адзначыла Вольга Паповіч.