Палітолаг: «Заява Лукашэнкі Пуціну – гэта дзяржаўная здрада»


Магілёў на адзін дзень пераўтварыўся ў сталіцу Саюзнае дзяржавы Расеі ды Беларусі. Вышэйшыя кіраўнікі абодвух краінаў сабраліся там сёння падчас 5-га Форуму рэгіёнаў. Падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным кіраўнік Беларусі назваў Магілёўшчыну шматком рускай зямлі, а сам Магілёў больш рускім, чым беларускім горадам. Узгадваецца цытата з камедыі Іван Васіл’евіч мяняе прафесію пра разбазарванне казённых земляў. Калі так раздаваць, то ніякіх валасцей не напасёшся. Шмат у якой краіне грамадзяне б не прабачылі палітыку такіх словаў. Але пакіну гэтую справу для самых магілёўцаў, і ўласна пра іх.

Мая калега Аліна Скрабунова на сувязі з намі з Магілёва.

Аліна Скрабунова, журналістка «Белсату»:

«Я хачу сказаць ад сябе і ўпэўненая, што магілёўцы мяне падтрымаюць: мы проста абураныя гэтымі словамі, што ён назваў Магілёў расейскім горадам. Хоць Магілёў і знаходзіцца на Усходзе, але гэта не падстава лічыць горад расейскім. Як гісторык Лукашэнка павінен ведаць, што ў спрэчныя часы магілёўцы заўсёды маглі даказаць, чый гэта горад. Можна ўзгадаць паўстанне 1661 года, калі магілёўцы выразалі цэлы гарнізон маскоўскіх акупантаў, а таксама 1918, калі Магілёў стаў першым беларускім горадам, які падтрымаў стварэнне БНР. Таму нам вельмі сорамна, што прэзідэнт незалежнай Беларусі казаў такое».

Мы запыталіся ў жыхароў Магілёва пра плюсы і мінусы Форума рэгіёнаў і візіту Пуціна. А таксама, з якімі нязручнасцямі ў сувязі з прыездам расейскага прэзідэнта сутыкнуліся людзі. А ў студыі «Белсату» палітолаг Павел Усаў. З ім мы высветлім палітычныя аспекты Форуму рэгіёнаў і візіту Уладзіміра Пуціна ў Беларусь:

«Упору паставіць пытанне, а ці Беларусь з’яўляецца незалежнай краінай? І ці Лукашэнка зʼяўляецца незалежным прэзідэнтам незалежнае краіны? Такія рэверансы ў бок расейскага прэзідэнта – гэта дзяржаўная здрада. Больш нічога не трэба. Калі сам кіраўнік дзяржавы сказаў, што гэта частка расейскай зямлі, то, калі ласка, расейскія зялёныя чалавечкі могуць прыйсці і забраць яе. Здаецца, што ў Лукашэнкі столькі ў галаве намешана, што ён сам не разумее, што кажа. Гэта была антыканстытуцыйная заява, якая падважвае суверэнітэт беларускай дзяржавы…» Працяг размовы – у сюжэце.