Палітолаг: Масква трактуе паводзіны Менску як здраду


Беларуска-расейскае ваенная супраца нібыта самае прасунутае, але Маскве гэтага мала. Крэмль распачаў хвалю інфармацыйнай вайны. Расейскія праўладныя СМІ паведамляюць, што Украіна засылае ў Беларусь баевікоў для дыверсій. Расейскія тэлеканалы занепакоіліся, што беларусы вывучаюць не тую гісторыю. А інфармагенцтвы даводзяць, што ў Расеі рыхтуюць адправіць у кірунку Беларусі мноства вайсковых эшалонаў.

Палітолаг Арсень Сівіцкі згодзен з тэзай, што паміж Беларуссю і Расеяй распачалася інфармацыйная вайна.

«Гэту вайну мы назіраем некалькі апошніх гадоў. Пасля пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту ў расейскай медыяпрасторы пачалі зʼяўляцца матэрыялы, якія мелі некалькі мэседжаў. Першы: украінскі Майдан і каляровая рэвалюцыя магчымыя ў Беларусі. Другі: папулярнымі становяцца нацыяналістычныя, нават русафобскія настроі ў беларускім грамадстве. Трэці: з аднаго боку сам Лукашэнка гуляе з нацыяналізмам, а з другога гэтыя нацыяналісты паспрабуюць зрабіць дзяржаўны пераварот. Агульны фон для мэседжаў была нармалізацыя стасункаў з Еўропай і ЗША. Ужо тады расейцаў пачалі рыхтаваць да крызісу ў адносінах з Беларуссю».

«Расейскі бок спрабуе ператварыць Беларусь у вайсковы плацдарм у супрацьстаянні з NATO. Пакуль беларускі бок не дазваляе ствараць расейскую інфраструктуру на сваёй тэрыторыі. Аляксандр Лукашэнка гаворыць пра гарантыі бяспекі суседзям, што беларуская зямля не будзе выкарыстаная для агрэсіі. Гэтая пазіцыя ўспрымаецца ў Крамлі як здрада. Пытанне стаіць жорстка: Менск ператвараецца ў ваенны стратэгічны плацдарм і канфрантуе з NATO або можна чакаць сцэнар па змене ўлады на цалкам пракрамлёўскую сілу, якая запросіць сюды столькі войскаў, колькі патрэбна Маскве», – кажа палітолаг Арсень Сівіцкі.

З аднаго боку, мы назіраем ціск, каб карэктаваць паводзіны афіцыйнага Менска, але досвед расейска-украінскага канфлікту паказвае, што Масква можа хутка ператварыць блеф у дзеянні.

Падрабязней – у «Размове Калінкінай».