Відзьмо-невідзьмо «Падзея сезону»: Мастак Дэйвід Хокні з ліку найбуйнейшых у ХХ стагоддзі


Мастак Дэйвід Хокні – унікальны. Ён – прадстаўнік гэтак званага поп-арту. Эксперыментатар. Вынаходнік. Неўзабаве яму стукне 80. І таму зараз накіруемся ў прэстыжны Лонданскі музей Тэйт, дзе разгарнулі надзвычай вялікую выставу гэтага мастака. Хтосьці згадае, хтосьці паглядзіць, а хтосьці – пазнаёміцца з працамі Хокні і запомніць ягонае імя. Сапраўды істотны персанаж!

Тэйт у Лондане лічыцца галоўным мастацкім музеем Брытаніі. Рэдкі мастак акупуе там аж 12 залаў са сваёй выставай. Найстарэйшы твор Дэйвіда тут – аўтапартрэт 1954 года. Найноўшы – ягоная хата ў Лас-Анджэласе 2016-га.


Куратар выставы Крыс Стывенс распавядае:

«Жыццёвае падарожжа мастака было складаным. Уявіце: звычайны хлопец–гей з пралетарскага асяроддзя нямоднай і заняпалай тады паўночнай Англіі, урэшце, зрабіўся нацыянальнай каштоўнасцю. Дваццацігоддзе таму каралева ўзнагародзіла яго Ордэнам гонару. І які доўгі творчы шлях – ад сатыры на абстракцыі і поп-арт да незвычайнага бачання рэчаіснасці.

Сваім меркаваннем пра творчасць мастака дзеліцца крытык Эстэл Ловэт:

«Ён выкарыстоўвае ўсё. Ад звычайнага палатна і незвычайных колераў да фотакамеры, якой робіць здзіўляльныя здымкі. Любыя тэхнічныя вынаходкі падхлёстваюць ягонае ўяўленне. А двухмерныя творы выглядаюць у Дэйвіда нібы трохмерныя».

У лонданскай галерэі Тэйт выстава месціцца да лета, затым да лістапада ў Парыжскім цэнтры Пампіду і потым, да лютага 2018-га ў Нью-ёркскім музеі Метраполітэн.

Каментары