Пад Раўбічамі стварылі дзяржаву са сваймі грашыма, паліцыяй і судом. На тры дні


Ралявая гульня ў дэмакратыю ладзіцца на адукацыйным фестывалі «Рэмара».

Мясцовая валюта – талеры. Таксама тут ёсць свой парламент, прэса, праваабарончыя арганізацыі, бізнес, суддзі і паліцыя. На тры дні зялёны хутар ператварыўся ў асобную дзяржаву.

«Усё як у рэальным жыцці, толькі больш кампактна. Ну і мы спрабуем пабудаваць дэмакратыю, таму намагаемся пачуць усіх», – мяркуе арганізатар Ілля Сіліцкі.

Гульню «Рэмара» – аналаг украінскай «СтудРэспублікі» – ужо трэці раз ладзіць Задзіночанне беларускіх студэнтаў. Арганізатары ўпэўненыя, што гэта даступны спосаб растлумачыць палітычныя ды эканамічныя працэсы моладзі, якая ў Беларусі не мае магчымасці ўплываць на сітуацыю, а таму не звыкла прымаць рашэнні:

«Мы адчуваем, што беларуская моладзь не вельмі добра разумее, што такое дэмакратыя ў дзеянні. Таму што дзве папярэднія «Рэспублікі» скончыліся ўсталяваннем нейкага падабенства камуністычнага рэжыму. Хочацца выхоўваць і больш звяртацца да таго, што адбываецца ў такіх гульнявых працэсах і спрабаваць даваць людзям магчымасць адчуваць сябе гаспадарамі ўласнага лёсу», – распавядае Саша Кузьміч, арганізатарка «Рэспублікі Мары».

Кожная пастанова парламенту адбіваецца на коштах, а пра слушнасць дзеянняў палітыкаў кажа індэкс задаволенасці жыхароў. Вынік абсалютна непрадказальны – можа здарыцца інфляцыя, рэвалюцыя або грамадзянская вайна, папярэднімі гадамі гульня канчалася ўсталяваннем дыктатуры. Ці ўдасца гэтым разам збудаваць «дэмакратычную мару»?

Скончыцца гульня 12-га жніўня адукацыйным фэстам, дзе знаныя лектары распавядуць аб праблемах беларускага мастацтва, палітыкі і грамадзянскае супольнасці, а ўвечары выступяць музыкі – «Разбітае сэрца пацана» і ўкраінскі гурт «Колір».

Аляксандра Дорская, Марына Вашкевіч