Пачобут: Пра праблемы Лукашэнкі з лішняй вагой даведаўся ўвесь свет


Што патрэбна беларусу для шчасця? Усе мы памятаем, у прыватнасці, адказ, сфармуляваны Лукашэнкам: чарка ды шкварка. Выпіць ды закусіць – усё проста, але і тут, як выяўляецца, ёсць нюансы. Па-першае, трэба перастаць есці нанач бульбу з мясам – памятаем і гэткую параду ад кіраўніка краіны. Ну і вось з апошняга – наагул лепш не есці! Скандальныя выказванні каментуе журналіст Анджэй Пачобут.

«Мяне здзіўляе тое, што на 23-м годзе свайго кіравання Аляксандр Лукашэнка працягвае адкрываць у сабе ўсё новыя і новыя здольнасці. Цяпер ён дыетолаг. Думаю, што проста Лукашэнку варта больш крытычна ставіцца да сваёй асобы. Калі кіраўнік краіны дае парады ўсяму грамадству, як добра выглядаць і гэтак далей… Больш сціплым варта быць», – мяркуе Анджэй Пачобут.

Сваймі заявамі Аляксандр Лукашэнка хутчэй акрэсліў эканамічную палітыку, а не дае дыетычныя парады, кажа Анджэй Пачобут.

«Гэта ўсё ж узровень саўгасу. Думаю, што вось гэтае ўмяшальніцтва Лукашэнкі ў жыццё звыклых беларусаў дайшло да таго, што ён як бы стаўся іхным галоўным дыетолагам. А ўлічваючы, што эканамічных поспехаў у Аляксандра Лукашэнкі няшмат, можна сказаць, што ён сапраўды сваёй палітыкай давёў да таго, што беларусы харчуюцца так, а не інакш», – кажа журналіст.

І высоўвае яшчэ адну версію, чаму кіраўнік Беларусі часам кажа супярэчлівыя рэчы:

«Лукашэнка старэе, і сапраўды вымушаны сябе абмяжоўваць. А ўлічваючы, што ён вельмі шмат дае інтэрвʼю, шмат гаворыць з журналістамі, часам кажа тое, што ў яго зʼяўляецца на языку. Ну а вось пра ягоныя праблемы з лішняй вагай увесь свет даведаўся».