Відзьмо-невідзьмо «Оскары або Малінкі – хто горш?»


Сёння ўначы на глабальным кіна-алімпе раздалі «Оскары» – найлепшым фільмам паводле Амерыканскай кінаакадэміі. Прачытаць спіс пераможцаў лепш за ўсё ў сеціве. На дзень раней раздалі прызы «Залатыя малінкі» найгоршым фільмам. Зараз пагаворым пра тэндэнцыі, якія пануюць у першай і ў другой плынях. Ці сапраўды найлепшыя фільмы – лепей, а найгоршыя – такія ўжо благія?

Прыкладна да пачатку нулявых гадоў Оскарная цырымонія была шматгадзінным шоу, перанасычаным спецэфектамі, каскадзёрамі, трукамі, сцэнкамі, скокамі, чым заўгодна. Цяпер шоу зрабілася сціплым, нават, знікла. Больш увагі аддаюць падзеям, якія суправаджаюць раздачу прызоў. Фатаграфаванне – адно з іх ліку.

Што дамінуе цяпер сярод фільмаў-намінантаў? Ёсць сярэдне-цікавыя, як меладрама «Ла-ла лэнд», якая капіюе сціплыя мюзіклы. Таксама «Прыбыццё» – пра своеасаблівы кантакт з іншапланетнікамі. Яшчэ «Пад покрывам ночы» Тома Форда – цікавы псіхалагічны трылер, на мой густ, найлепшае з усяго спісу. І, вось, «Шурпаты хрыбет» Мэла Гібсана пра героя, які ратуе салдатаў у другой сусветнай вайне.

Усе гэтыя пералічэнні можна разбавіць сюжэцікам пра зялёны пакойчык у закуліссі. Там адпачываюць зоркі перад выхадам на сцэну. Раней такога матэрыялу ніколі не паказвалі, магчыма, досыць незвычайны дызайн джунгляў зрабілі ў пакойчыку толькі цяпер. Сапраўды прыгожы.

А цяпер пералічу тыя стужкі, якія выглядаюць надакучліва ў спісе намінантаў. «Лавінг» – бытавая міжрасавая драма ў Амерыцы 1950-х, калі героі трапілі за краты таму, што пабраліся шлюбам. «Скрытыя фігуры» – офісныя праблемы вучоных негрыцянак, якія працуюць на НАСА. «Агароджы» – чорны экс-бейсбаліст, які цяпер прыбірае смецце, у выкананні Дэнзэла Ўошынгтана. І апагей – «Святло месяца». Фільм пра афраамерыканца, які ўвесь час пакутуе. Ад наркотыкаў, ад жыцця ў крымінальным асяроддзі, і ад ягоных гомасексуальных пачуццяў. Такія намінанты – своеасаблівы адказ кінаакадэміі на абвінавачванні ў тым, што не даюць прызоў чорным фільмам.

Медыйны падарунак, ці можа аплявуху даў кінаакадэмікам прэзідэнт Трамп. Прэс-сакратар Белага дому Шон Спайсер заявіў, што прэзідэнт не будзе глядзець «Оскары».

Падчас трансляцыі гэтай цырымоніі ў Белым доме будзе адбывацца баль губернатараў. Такое своеасаблівае «фэ» у адказ на негатыўныя рэплікі, якія гучалі на адрас Трампа ад некаторых Галівудскіх персанажаў.

З іншага боку спіс асноўных намінантаў на прыз «Залатая малінка» весяліць і забаўляе. Тут мы ўбачым «Бэтмана, які змагаецца з суперменам». Стандартны высока бюджэтны блокбастар. Нагрувашчванне спецэфектаў у «Багах з Егіпту», простым і забаўляльным відовішчы. «Прыгоды бруднага дзеда» у выкананні Робэрта дэ Ніра. Там пануе гумарок ніжэй за пуп. Вясёлая камедыя. «Зулэндэр-2» – таксама вясёлы кіч з шэрагамі дурнаватых і бессаромных жартаў.

А таксама «Дзень незалежнасці -2», дзе іншапланетнікі зноў хацелі захапіць Зямлю і знішчыць чалавецтва. Спіс найгоршых стужак нейкі такі забаўляльны і вясёлы.

Сяргей Філімонаў, belsat.eu

Каментары