Гарачы каментар Някляеў: «Стагоддзе БНР нельга святкаваць на пляцоўцы для сабак»


Мы абіралі маршрут, каб не даць падставаў уладам яго забараніць, кажа ў эфіры «Белсату» Уладзімір Някляеў, адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу.

Дэмакратычная супольнасць дамовілася пра супольнае святкаванне 100-дзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзел у паседжанні аргкамітэту сёлетняга Дня Волі ўзялі лідары і прадстаўнікі практычна ўсіх дэмакратычных партыяў і арганізацыяў.

«Стагоддзе БНР – экзамен не толькі для апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, але і для ўладаў – лакмусавая паперка для яе», – кажа Някляеў.

Палітык сцвярджае, што абраны для шэсця маршрут не павінен выклікаць ува ўладаў праблемаў з ягоным зацверджаннем.

«Маршрут не праходзіць блізу сур’ёзных дзяржаўных установаў, а зварочваем з інтэрнацыянальнай на Леніна. Мы вырашылі ўжо на пачатку пайсці на саступкі, хаця першапачаткова разглядалі варыянт з Кастрычніцкай плошчай, сакральным месцам. Мы не пайшлі да Дому Ураду, каб нас не абвінавацілі ў тым, што мы яго хочам «захапіць». Але мы сыходзілі з таго, што гэта выключная падзея ў гісторыі нашай краіны, якая не можа святкавацца на ўскрайку, на пляцоўцы для сабак», – кажа Някляеў.

Шэсце мае прайсці 25 сакавіка ад плошчы Якуба Коласа да Плошчы Свабоды.

«Вы правільна заўважылі: святу – быць!», – дадаў наш суразмоўца.

Поўную размову Валера Руселіка з Уладзімірам Някляевым глядзіце ў «Гарачым каментары»

Каментары