Някляеў: Разлічвалі, што людзей будзе шмат, але што столькі – не


«Белсат» па гарачых слядах сённяшняй акцыі распытаў яе суарганізатара Уладзімір Някляева пра вынікі і ўражанні.

Падчас размовы палітык і пісьменнік пагадзіўся, што такой колькасці ўдзельнікаў вулічнай акцыі ў Беларусі не было з часоў Плошчы-2010.

«Белсат»: Ці вы як суарганізатар задаволеныя гэтай акцыяй?

Уладзімір Някляеў: Ведаеце, не надта, таму што…

Скажу па праўдзе, мы разлічвалі, што будзе шмат людзей, але што столькі будзе людзей, не пралічылі.

І ўвесь план, які мы накідалі і папярэдне абвесцілі, у тым праз медыі, ён палягаў менавіта на тым, што будзе тая, прагназаваная колькасць людзей. Але выйшла больш. Людзі ўрэшце рэшт былі задаволеныя тым, што яны разам, што нехта ўзяўся за тое, каб адстойваць іхныя інтарэсы. І, па-мойму, мы дамовіліся на 25 сакавіка, што ў выпадку, калі патрабаванні не будуць выкананыя, мы збяромся яшчэ раз, і тады ўжо будзе іншы план.

«Белсат»: Спадар Уладзімір, людзі разам, але ці разам апазіцыя? Не ўсе палітычныя апазіцыйныя сілы сёння прыйшлі на гэтую акцыю, і некаторыя робяць уласныя.

Уладзімір Някляеў: Тут даўняя ўнутрыапазіцыйная праблема. Я ўжо не хачу ў гэтым разбірацца, я адхіліўся ад гэтага. Таму нікога ні ў чым не буду вінаваціць, даводзіць, на чыім баку праўда.

Праўда на баку таго, хто нешта насамрэч робіць, каб у Беларусі адбыліся змены. Канешне, калі сёння мы стаялі б усе разам, было б значна лепш для ўсіх: для апазіцыі, а яшчэ больш – для грамадства, якое таксама даўно ўжо не разумее, што адбываецца ў гэтай апазіцыі, што яны дзеляць.

І калі ўжо пачалі дзяліць пратэставыя акцыі, то гэта, на маю думку, фінал дзялёжкі.

«Белсат»: То бок у гэтай сітуацыі апазіцыя робіць тое, чаго ад яе чакае КДБ?

Уладзімір Някляеў: Нікога зноў жа не хачу вінаваціць, хто і як звязаны з уладнымі структурамі, са спецслужбамі, але ёсць факты, якія відавочныя.

Калі людзі робяць нешта і актыўна, каб сарваць акцыі масавага пратэсту, то нельга не задацца пытаннем, чаму і дзеля чаго яны гэта робяць.

Больш – у відэа вышэй.

Глядзіце таксама: