Новыя пераклады французскіх класікаў выйшлі дзякуючы энтузіязму перакладчыкаў


Аматарам французскай культуры ды агулам паэзіі варта днямі наведаць кнігарні: невялікім накладам, усяго 250 асобнікаў, і ў кішэнным фармаце выйшлі новыя пераклады выбітных французаў – П’ера дэ Рансара, Шарля Бадлера, Гіёма Апалінэра. У Галерэі Тут.бай прэзентавалі вынікі працы Лявона Баршчэўскага, Кацярыны Маціеўскай, Ганны Янкуты, Андрэя Хадановіча і Змітра Коласа, які і заснаваў серыю «Паэты планеты». На меркаванне спадара Коласа, французская літаратура – адна з самых цікавых і багатых на таленты. І пра яе пераклады мусіць дбаць кожнае пакаленне, бо яны, у адрозненне ад арыгіналаў, трацяць актуальнасць.

У межах «Паэтаў планеты» раней выйшлі пераклады Пэтраркі, Гётэ, Шэкспіра. Гэтых ды іншых тытанаў літаратуры перакладалі на голым энтузіязме.

«У нас няма ніякіх крыніц фінансавання, мы ўсё робім на добраахвотных пачатках. Усе паэтычныя перакладчыкі працуюць практычна бясплатна», – кажа выдавец і перакладчык Зміцер Колас.

Уладзь Лянкевіч, які перакладаў літаратурнага рэвалюцыянера Гіёма Апалінэра, бачыць нават пэўныя плюсы такой сітуацыі.

«Грошай на такія літаратурныя рэчы, на пераклады замежнай літаратуры на беларускую мову знайсці амаль немагчыма, за вельмі-вельмі рэдкім выключэннем. Перакладчыкі часцей за ўсё перакладаюць тое, да чаго ў іх ляжыць сэрца. Таму ва ўсёй гэтай серыі перакладчыкі звычайна перакладаюць паэтаў, якія ім дарагія і цікавыя», – кажа паэт і перакладчык Уладзь Лянкевіч.

Пакуль кніг выйшла 14, разам у серыі «Паэты планеты» плануюць выдаць 75 перакладаў.

Марына Вашкевіч belsat.eu