Ноч паэзіі і Жадана


Паэзія з рыфмаю і без, беларуская і сусветная – на фестывалі «Вершы на асфальце» яна гучала нон-стоп цягам трох дзён. На жаль, у гэтае літаратурнае свята ўварвалася прыкрая палітычная навіна – гэта затрыманне знакамітага ўкраінскага пісьменніка Сяргея Жадана і забарона для яго на ўезд у Беларусь, якую, што праўда, скасавалі наўпрост у часе фэсту.

Увесь дзень пасля таго, як Сяргея Жадана сярод ночы забралі ў пастарунак і паставілі штамп, які забараняе яму заязджаць у Беларусь, у сацыяльных сетках нарастала хваля абурэння, з’явіўся гэштэг «Дзень з Жаданом», пад якім карыстальнікі змяшчалі ягоныя тэксты, інтэрвю і фота. Таму шмат хто прыйшоў на фэст, каб падтрымаць пісьменніка, і змог разам з ім парадавацца навіне пра скасаванне забароны.

«Спадзяюся, усё-такі ціск грамадскасці, дыпламатаў, палітыкаў, а таксама пачуццё здаровага сэнсу беларускага МЗСу паўплывалі на тое, што гэтае бязглуздае рашэнне адмянілі. І хоць у маім пашпарце цяпер шмат каляровых пазнакаў, але я зноў магу заязджаць на тэрыторыю Беларусі, чаму я вельмі цешуся», – адзначыў Сяргей Жадан.

«Ноч паэзіі», якая сталася апагеем фэсту, сабрала у кавярнi «Грай» натоўп слухачоў. На сцэну выходзілі тры дзясяткі аўтараў, сярод іх былі і нечаканыя – напрыклад, з вершам выступіў празаік Альгерд Бахарэвіч: «Часам я пішу вершы, праўда, стараюся нікому іх не паказваць, але арганізатары ведаюць, што я гэта раблю».

У суквецці беларускіх паэтаў гучалі і замежныя галасы – з Літвы, Чэхіі, Швецыі, Украіны. Госця з Расеі Ганна Герасімава, вядомая як Умка, выступіла на фэсце ў асобе музыкі, перакладчыцы і паэткі.

Сёлета арганізатары адмовіліся ад традыцыйнага паэтычнага слэму, затое з’явілася новае спаборніцтва – бітва перакладчыкаў, якія чыталі сусветныя шэдэўры па-беларуску.

«Змагаюцца не толькі перакладчыкі, але і самі паэты сусветныя, якія былі перакладзеныя. Гэта даволі забаўна, таму што, напрыклад, Гіём Апалінэр змагаецца з Кітсам, дзе вы такое яшчэ ўбачыце?» – падкрэслівае паэт і перакладчык Уладзь Лянкевіч.

Паэзія можа быць відовішчнаю – пра гэта сведчаць заўсёдныя аншлагі на фэсце імя Міхася Стральцова, які сёлета адбыўся ўжо шосты раз.

Іншыя тэмы:

У Лос-Анджэлесе адбылося 59-ае ўручэнне прэміі «Грэмі».

Гурт «Brutto» едзе з турам па Беларусі.

Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук belsat.eu