«Ніхто ўсур’ёз не разглядае Кадырава як прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта»


Абодва любяць жорсткі стыль дзяржаўнага кіравання. Абодва жывуць за кошт расейскіх падачак. Абодвух абвінавачваюць у карупцыі, масавых парушэннях правоў чалавека ды забойствах палітычных апанентаў. Абодва знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі. І абодва лічаць сябе не менш як «бацькамі» сваіх народаў. У госці да Аляксандра Лукашэнкі сабраўся Рамзан Кадыраў.

Візіт кіраўніка Чачэніі ў Беларусь запланаваны на 25-26 верасня. У часе знаходжання ў Менску Лукашэнка і Кадыраў маюць пагаварыць пра паглыбленне прамысловай кааперацыі. У прыватнасці, нашая краіна гатовая значна павялічыць пастаўкі сельскагаспадарчай, грузавой і транспартнай тэхнікі ў каўказскую рэспубліку. А таксама прапанаваць сваіх спецыялістаў для праектавання новых аб’ектаў у Чачэніі і працы на іх.

У «Гарачым каментары» – праваабаронца Яна Ганчарова.

«Кіраванне Рамзана Кадырава ў Грозным грунтуецца на запалохванні. Ён перакрыў гайкі абсалютна ўсім людзям, якія хоць неяк маглі быць супраць яго. Цяпер у Чачэнскай рэспубліцы вельмі моцная дыктатура менавіта Рамзана Кадырава», – адзначыла Яна Ганчарова.

Таксама яна пракаментавала «прэзідэнцкія амбіцыі» кіраўніка Чачэніі, пра якія часам кажуць эксперты:

«Шмат хто асцерагаецца Рамзана Кадырава, але мне падаецца, што ніхто яго ўсурёз не разглядае як прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Расеі. Хіба, у яго могуць быць такія амбіцыі, але, наўрад ці, гэта сурёзна».