Людскія справы Нечаканыя выпадкі сталінскіх рэпрэсіяў: катаў – стралялі, ахвяраў – вызвалялі


Падавалася б, каты з ахвярамі ніколі не памяняюцца месцамі. Але герой нашага рэпартажу, пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка, знайшоў цікавыя беларускія справы ў адкрытых украінскімі ўладамі архівах тамтэйгай службы бяспекі (СБУ).

Уладзіслаў Ахроменка

Справы ахвяраў ды катаў

Былы наркам унутраных справаў Ізраіль Леплеўскі паходзіў з Берасця. З ягонай справы вынікае, што з 1934 па 1936 год ён «паспяхова» выконваў сваю працу: расстрэльваў беларусаў, за што быў узнагароджаны і накіраваны на падвышэнне ва Украіну. Там яго чакала большая тэрыторыя, а значыць, і большыя магчымасці для злачыннай дзейнасці.

Пазней Леплеўскага выклікалі ў Маскву на падвышэнне, але літаральна праз месяц арыштавалі, а яшчэ праз некалькі – расстралялі.

«Людзям, якія ў Беларусі, у 2017 годзе носяць чэкісцкую форму я вельмі-вельмі раю такія дакументы пачытаць і паглядзець, чым гэтыя персанажы скончылі», – кажа даследчык архіваў Уладзіслаў Ахроменка.

Глядзіце праграму «Людскія справы», прысвечаную архівам савецкіх спецслужбаў, цалкам:

Другая справа, беларускага селяніна Івана Краўцова з Церахоўкі (сучасны Добрушскі раён Гомельскай вобласці), паказвае, што, нягледзячы на катаванні, гэты чалавек не зламаўся. Яго вінавацілі ва ўдзеле ў абсалютна фантастычных контррэвалюцыйных арганізацыях, у шпіёнстве на карысць Польшчы і Японіі. Усе тры допыты Івана сканчаюцца адной фразай «допрос прерван», якая, паводле Уладзіслава Ахроменкі сведчыць пра тое, што чалавек, хутчэй за ўсё, быў закатаваны да такога стану, што не мог размаўляць.

Пасля двух з паловай месяцаў допытаў і катаванняў справа сканчаецца вельмі нечакана: следчы і ўсё кіраўніцтва мясцовага НКУС было прызнаные «ворагамі народа», а «контррэвалюцыянера» Івана Краўцова вызвалілі.

Нешматлікія крыніцы беларускіх справаў

Атрымаць доступ да некаторых беларускіх справаў сёння можна толькі дзякуючы адкрытым ва Украіне архівам СБУ. Найбуйнейшы з іх месціцца ў Кіеве. Кожны зацікаўлены можа наведаць гэтую ўстанову. У скрынях на паліцах архіва размешчаная незлічоная колькасць тэчак з матэрыяламі, якія яшчэ зусім нядаўна былі схаваныя ад грамадства.

Андрэй Когут

«Калі Украіна гаворыць, што мы хочам пабудаваць сучасную еўрапейскую дзяржаву, то гэтыя дакументы мусяць быць даступныя для ўсіх», – кажа дырэктар архіву СБУ Андрэй Когут.

Чаму ў Беларусі не адкрываюць падобныя архівы?

Паводле заканадаўства, пасля 75 год архівацыі справы мусяць быць адкрытыя для грамадства. Але ігнаруючы гэты факт, у сваім афіцыйным адказе Адміністрацыя Прэзідэнта кажа, што архівы будуць адкрытыя толькі ў 2081 годзе.

У чым прычына такіх паводзінаў беларускіх уладаў, спрабуюць высветліць эксперты ў студыі «Людскія справы»: гісторык-архівіст, заснавальнік клубу па пошуку рэпрэсаваных сваякоў Зміцер Дрозд і бізнесовец Алесь Прысмакоў, які з 90-х гадоў шукае звесткі пра свайго дзеда. Усё гэта – у поўным выданні праграмы.

Праграму «Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius 4»), а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце на ў Facebook ды Одноклассники. Памятайце: для нас няма чужых праблемаў.

Каментары