Не стала Джорджа Майкла


Брытанскаму музыку было 53 гады, прычына смерці – сардэчная недастатковасць. Прыступ засціг спевака ў ягоным доме ў брытанскім Оксфардшыры – там сёння з самага ранку сталі зʼяўляцца кветкі.

Музыкі не стала на Каляды – паводле іроніі лёсу рэліз самай знакамітай ягонай песні адбыўся ў гэты дзень 32 гады таму. У тым жа 1984-ым годзе – Джордж Майкл разам з Эндру Рыджлі ў складзе гурта «Wham!» запісалі іншы гіт – «Wake me up».

Неўзабаве дуэт распаўся, а Джордж Майкл пачаў сольную карʼеру. Падчас якой былі і ўзлёты, і падзенні. Першая сольная кружэлка стала гітом, другая была менш паспяховая, прынамсі камерцыйна. Хоць фінансавыя клопаты наўрад ці пагражалі спеваку. Свой рэкордны ганарар на $ 3 млн ён атрымаў на Новы, 2007 год за выступ на віле расейскага алігарха Патаніна.

Пры гэтым жыццё музыкі салодкім назваць складана: у 1998-ым годзе ў Джорджа Майкла здарыўся сурʼёзны крызіс: спявак, які меў сцэнічны вобраз мачо, прызнаўся ў гомасексуальнасці – і продажы ягоных запісаў скараціліся. Хоць менавіта каханне Джорджа Майкла да ягонага партнёра Ансэльма Фэлепа, які памёр ад хваробы, спарадзіла адную з самых вядомых песень спевака.

У 2011-ым у музыкі выкрылі пнеўманію. Хвароба працякала ў цяжкай форме, і спачатку казалі, што Джордж Майкл – на мяжы смерці, пазней газетныя старонкі стракаталі загалоўкамі пра тое, што музыка можа пазбавіцца свайго знакамітага голасу.

Аднак гэтага не адбылося. Паводле менеджара спевака, апошнім часам ён працаваў над сваім новым альбомам.

Цяпер жа свет развітваецца з, будзем спадзявацца, апошняю музычнай стратай 2016-га. Праз сацыяльныя сеткі даніну пашаны Джорджу Майклу выказалі, сярод іншых, Элтан Джон. У Twitter ён назваў Джорджа Майкла добраю душой і выбітным артыстам, а Мадонна напісала, што не стала чарговага цудоўнага артыста.

Марына Вашкевіч, belsat.eu