Агляд падзеяў культуры Не прэмія, а пераможцы сацспаборніцтваў…


Увосень будзе ўручаная Чацвёртая нацыянальная тэатральная прэмія. Сярод намінантаў – 21 спектакль, але ў спісе няма ніводнай інсцэнізацыі Беларускага дзяржаўнага тэатру лялек, які адзначыўся яркімі прэм’ерамі не толькі для дзяцей. Цікава, чаму?Нацыянальная тэатральная прэмія задумвалася як конкурс, дзе творчая супольнасць будзе ацэньваць выбітныя тэатральныя працы. Але арганізатар – Міністэрства культуры – шторазу кардынальна мяняе ўмовы. Менавіта таму калектыў Тэатру лялек, які неаднойчы адзначаўся прэміяй, сёлета адмовіўся ад удзелу. Галоўны рэжысёр Аляксей Ляляўскі лічыць, што прэмія страціла аб’ектыўнасць і ператварылася ў фармальную нагоду проста раздаць узнагароды «правільным» тэатрам за «правільныя» спектаклі:«Наша кіраўніцтва вельмі баіцца выпусціць працэс са сваіх рук, таму ўвесь час мяняе ўсё гэта, каб не пусціць. Але тады трэба называць гэта не «Нацыянальная тэатральная прэмія», а нейкія «Пераможцы сацспаборніцтваў».Сёлета прэмія будзе ўручацца ў чатырох намінацыях: драматычны, музычны, лялечны тэатры і тэатр для дзяцей ды юнацтва. Зніклі ўзнагароды найлепшаму рэжысёру, сцэнографу, кампазітару. Журы абярэ толькі найлепшы спектакль, а таксама мужчынскую і жаночую ролі. Аляксей Ляляўскі мяркуе, што гэта абясцэньвае значнасць асобаў у стварэнні спектаклю, бо гледачы ідуць на пэўныя імёны:«Ходзяць на артыстаў, на мастакоў, на кампазітараў. У нашай сітуацыі атрымліваецца, што вось гэта ўсё выключаецца. Узнікае пытанне, а на што будуць людзі хадзіць? На назву тэатру?»Міністэрства культуры, кажа Аляксей Ляляўскі, тлумачыць скасаванне намінацыяў нястачаю грошай. Але, на думку рэжысёра, Нацыянальная прэмія мусіць вымярацца не грашыма. Напрыклад, сёлета ён атрымаў прэстыжную расейскую прэмію «Залатая маска», якая ўвогуле не мае грашовага прызу.ІНШЫЯ ТЭМЫ:Джаз, чэрвень, зоркі. У сталіцу вярнуліся джазавыя суботы на Ратушы.Знаёмцеся: намінанты «Заспявай» – партрэты герояў.Перамога Галерэі «Ў» на кірмашы сучаснага мастацтва ў Вільні.Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык «Белсат»

Тэгі: ,
Каментары