Людскія справы Назвалі бацькоў «ненармальнымі» і забралі дзіця. А хто тады нармальны?


Год таму ў Таццяны i Дзмітрыя Ганчарукоў забралi нованароджаную дачку Анастасію – дзяўчынку нават не выпiсалi з раддому разам з мацi.

«Танi нiчога нават не патлумачылi, i яна пачала крычаць, патрабаваць, каб ёй аддалі дачку», – распавядае бабуля маладой мацi Вера Iванаўна. – «I дактары выклiкалi псiхiятраў, напiсалi, што яна ненармальная».

Рашэннем суда нованароджаную дзяўчынку аддалi ў гарадзенскi дом малюткi. Праз некаторы час адабранай у бацькоў Анастасii знайшлi апекуноў ажно ў Рэчыцы, на Гомельшчыне. Афіцыйнай прычынай адабрання дзiцяцi стала «захворванне бацькоў, пры якім яны не могуць выконваць бацькоўскія абавязкi» – Таццяна i Дзмітры маюць «затрымку псiхiчнага развіцця». Аднак яны абодва маюць працу, знаходзяцца ў афіцыйным шлюбе і не пазбаўленыя бацькоўскіх правоў.

«Я ўяўляю, што дзіцёнак са мной, а дзiцёнка няма», – кажа Таццяна. – «Хочацца клапаціцца пра яе, быць побач. Гляджу, як мамы з каляскамi гуляюць, i аж сэрца заходзіцца».

Загадчыца сектара аховы дзяцінства Слонiмскага Райвыканкама Ядзвіга Бута, якая прадстаўляла на судзе органы апекi, адмовiлася ад любых каментароў па справе Таццяны i Дзмітрыя.

Перад Новым годам Таццяна нарадзiла другую дачку, Кацярыну. Дзяўчынка нарадзілася неданошанай i зараз знаходзіцца ў Гароднi, у абласным дзiцячым шпіталi. Кацярыну абяцаюць выпiсаць дадому, але потым камісія будзе вырашаць, цi пакiнуць дзяўчынку з бацькамi. Яны спадзяюцца, што iм дазволяць выхоўваць дзiцёнка, а таксама не губляюць надзеi вярнуць i першую дачку, Анастасію. Дзiма i Таня жывуць з бацькамi, бабуляй i дзядуляй дзяўчыны, якiя таксама маглi б дапамагаць у выхаваннi дзяцей.

«Хiба б мы не выгадавалi гэтых дзяцей? Нас шэсць чалавек у хаце, усе б дапамагалi. Нават i казаць няма чаго, выгадавалi б, але ж во не даюць!», – кажа бабуля Таццяны.

Поўнае выданне праграмы «Людскія справы», якое прысвечанае гэтай тэме, глядзіце тут:

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» , а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам у Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram. Самае цікавае чытайце ў канале Telegram.

«Людскія справы» на «Белсаце». Для нас няма чужых праблемаў!

Каментары