«Navi Band» прэзентаваў альбом «Ілюмінацыя»


Альбом «Ілюмінацыя» гурта «Navi Band» выйшаў акурат у дзень беларускага адбору на «Еўрабачанне».

А прэзентавалі яго Ксенія і Арцём у клубе «Рэпаблік» у Дзень закаханых, бо менавіта 14 лютага яны пазнаёміліся. У альбом увайшлі восем песень, розных паводле настрою, якія і маюць стварыць эфект ілюмінацыі.

«Мы хацелі каб гэты альбом быў больш пагружальны, каб гэта было як адна вялікая песня. Вядома, там ёсць песні актыўныя, вясёлыя, але яны таксама ў гэтай стылістыцы, яны дапаўняюць альбом, дадаюць пазітыўных колераў да гэтага альбому», – распавядаюць удзельнікі гурта.

Гэта ўжо трэці альбом гурта, і, на думку ўдзельнікаў, ён адрозніваецца ад папярэдніх большай сурʼёзнасцю і прафесійнасцю. А прэзентацыю музыкі ўспрынялі як адпачынак у шчыльным графіку, бо цяпер увесь час і сілы аддаюць падрыхтоўцы да «Еўрабачання»: «Гэта дае нам сілы і гэта вельмі складана. Я ўпэўнены што гэты час праз колькі гадоў мы будзем згадваць як вельмі актыўны і эмацыйны. З асалодай, я думаю. Гэта праца, і яна вельмі складаная».

Учора пачаўся продаж квіткоў на конкурсныя канцэрты «Еўрабачання», а ўкраінскія гледачы знайшліся ўжо на прэзентацыі, кіяўлянін Уладзімір вучыцца ў БДУ: «Яны перамаглі, і мне вельмі прыемна, што ў маім родным горадзе ўпершыню прагучыць беларуская мова на «Еўрабачанні». Я лічу, што мы сябры, мы вельмі блізкія народы, я люблю беларускую мову».

Горадня, Баранавічы, Гомель і Наваполацк – невялікі тур па беларускіх гарадах у сакавіку і прома-тур па Еўропе перад выступам на «Еўрабачанні» – такія бліжэйшыя планы музыкаў.

Іншыя тэмы:

Вайсковая гісторыя праз лёсы – прэзентацыя новай кнігі Ігара Мельнікава «Забытыя героі. Жаўнеры з Беларусі ў Другім польскім корпусе і Першай польскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе».

Лялечны спектакль па-беларуску ў Гомлі – раз на тры месяцы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»