Радзіна і Мілінкевіч. Гарачая спрэчка ў студыі «Белсату»


Еўразвяз гатовы прывітаць Аляксандра Лукашэнку на саміце «Усходняга партнёрства» у Бруселі 24 лістапада.

Міністр замежных справаў Уладзімір Макей какетліва кажа, што рашэнне прымуць «у свой час». Ці гэта азначае прызнанне Лукашэнкі? Яшчэ нядаўна еўрапейскія палітыкі называлі кіраўніка Беларусі як апошняга дыктатара Еўропы.

Не ўсе вітаюць гэты «рэверанс» з боку ЕЗ.

«Гэта амаральны і бязглузды крок. Лукашэнка застаецца апошнім дыктатарам Еўропы. Ён нелегітымны прэзідэнт. У Беларусі не расследаваныя справы аб выкраданні і забойствах лідараў апазіцыі. У Беларусі не расследаваныя справы аб катаваннях у дачыненні да кандыдатаў на пасаду прэзідэнта ў 2010 годзе. У Беларусі працягваюць фальсіфікаваць выбары. Ніводныя выбары з 1994 года не прызнаныя міжнароднай супольнасцю свабоднымі і дэмакратычнымі. Сёння ў Беларусі ідзе ціск на журналістаў і палітыкаў», – прыгадвае рэдактарка charter97.org Наталля Радзіна ў эфіры праграмы «Гарачы каментар».

Бліжэй да Бруселя і далей ад Масквы

Экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Аляксандр Мілінкевіч мяркуе, што такім чынам Беларусь набліжаецца да Еўропы.

«Нам трэба адмовіцца ад думкі, што Еўропа нам штосьці павінна. Маўляў, яна павінна прыйсці і зрабіць нам свята дэмакратыі. Гэта павінны зрабіць мы. Акрамя таго, калі Лукашэнка паедзе, то ці будуць у Маскве піць шампанскае? Не будуць. А калі паедзе – не будуць. Нам важна быць бліжэй да Еўропы», – дыскутуе з Наталляй Радзінай былы лідар аб’яднанай апазіцыі.

Паводле Наталлі Радзінай, Еўропа мусіць уводзіць санкцыі, а не запрашаць Аляксандра Лукашэнку ў Брусель.

«Чаму былі знятыя візавыя санкцыі супраць людзей, якія парушалі правы чалавека пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе і ўдзельнічалі ў траўлі апазіцыі, палітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў незалежных медыяў? Чаму ніхто з іх не паараны? У гэтым браў удзел і міністр замежных справаў Уладзімір Макей і цяперашні міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч, які мяне дапытваў у турме КДБ. Лідзія Ярмошына, якая фальсіфікавала выбары, таксама не пакараная. Непакаранымі засталіся міліцыянты, якія збівалі людзей, у тым ліку і падчас сёлетняй акцыі 25 сакавіка. Еўропа заплюшчыла на гэта вочы. Пры адсутнасці санкцыяў працягваюцца рэпрэсіі», – кажа Наталля Радзіна.

«Любая санкцыя і адсутнасць кантактаў з уладаю – мы адразу паўзем у Расею. Задача № 1 – абараняць незалежнасць. Мы за адну ноч можам страціць незалежнасць і тады ў вас не будзе ні дэмакратыі, ні правоў чалавека», – парыруе Аляксандр Мілінкевіч.

Уся размова ў відэаматэрыяле!

belsat.eu