Давайце разбірацца Расследаванне «Белсату»: як карупцыя ўзвінчвае тарыфы для беларусаў


Абслугоўванне беларускай энергетыкі захопліваюць прыватныя фірмы, якія, пры дапамозе чыноўнікаў, завышаюць кошты ў разы. Гэта адбіваецца на тарыфах для насельніцтва. Пра гэта даведаўся Белсат, па выніках журналісцкага расследавання.

Прыватная фірма Белкотлаачыстка манапалізавала абслугоўванне кацельняў сістэмы Белэнерга, якія грэюць ваду для ацяплення і вырабляюць пар для генеравання электраэнергіі. Паводле дакументаў, здабытых Белсатам, цэннікі, якія Белкотлаачыстка выстаўляе дзяржаве за свае паслугі, у разы перавышаюць рынкавыя. Гэта наўпрост адбіваецца на тарыфах. Між тым, кампанія ня толькі выйграе пераважную большасць тэндэраў для прамыўкі і ачысткі энергетычнай інфраструктуры Беларусі, але і атрымлівае гэтыя падрады без тэндэру – як член дзяржаўнага абʼяднання. Гэта адбываецца паводле наўпроставага ўказання кіраўніцтва Белэнерга.

Як пацвердзілі Белсату ў канцэрне, Белэнерга цяпер праводзіць палітыку прыватызацыі сваіх актываў па абслугоўванні энергетычнай інфраструктуры. Але раздзяржаўліванне не прыводзіць да канкурэнцыі. Малы і сярэдні бізнес, які выконвае гэтыя працы ў разы танней – адхіляецца ад падрадаў адміністратыўнымі захадамі. Новыя прыватныя ўласнікі дзяржаўных прадпрыемстваў становяцца манапалістамі, якія выстаўляюць, за свае паслугі, рахункі дзяржаве, што ў разы перавышаюць рынкавыя. Інсайдэры сцвярджаюць, што чыноўнікі лабіруюць гэтую сістэму, бо частка звышпрыбыткаў застаецца ў іх кішэнях.

На сённяшні дзень дакладна вядома аб прыватызацыі двух буйных прадпрыемстваў Белэнерга. Пакеты яшчэ чатырох – выстаўленыя на продаж. Інсайдэры кажуць, што больш за палову прадпрыемстваў Белэнерга, што займаюцца абслугоўваннем – ужо прыватныя манапалісты, набліжаныя да кіраўніцтва Белэнерга.

Дакументы з пацверджаннямі і сведчанні інсайдэраў у праграме «Давайце разбірацца».

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат» 

Каментары