«Нам стала цяжэй пазычаць». Івашкевіч пра галоўнае ў эканоміцы


Эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч кажа, што ў 2017-м доўг Беларусі павялічыўся да крытычных памераў.

«Ён павялічыўся на 20 % і цяпер складае больш за $ 16,5 млрд – палову нашай эканомікі, – кажа Станіслаў Івашкевіч. – Разам з не наўпроставым дзяржаўным доўгам – пазыкамі прадпрыемстваў і ўнутраным доўгам, намінаваным у замежнай валюце – гэта амаль 70 % ВУП».

Для такой краіны як Беларусь гэта неймаверна шмат, адзначае журналіст.

«Гэта азначае, што мы не здольныя плаціць рынкавыя адсоткі, і вымушаныя на іх пазычаць», – заяўляе наш калега.

На думку Івашкевіча, сітуацыя стабілізавалася дзякуючы таму, што Расея перапазычыла нам грошы пад нізкі адсотак, каб мы іх вярнулі ёй назад.

«Кожны год над намі вісіць дамоклаў меч, што Расея можа не пагадзіцца рэфінансаваць тыя плацяжы, якія мы ёй вінныя», – кажа Івашкевіч.

На рынкавых умовах нам ужо цяжка пазычаць болей, дадае журналіст.

Поўную размову Вольгі Жарнасек са Станіславам Івашкевічам глядзіце ў «Гарачым каментары»