«Naka Piano» прэзентавалі новы альбом без словаў


 

Незвычайна прэзентаваў свой будучы альбом гурт «Naka Piano». Наста Шпакоўская ды Ірына Кліменка зладзілі ў гандлёвым доме «Сталіца» акцыю, падчас якой не спявалі.

«Мы хацелі проста паспяваць песні, сабраць сяброў, – адзначае Наста Шпакоўская. – Але аказалася, што тут нельга спяваць, хоць нейкі час таму мы тут спявалі. Але часы памяняліся і спяваць не дазволілі, але граць дазволілі».

Удзельніцы гурта выканалі мелодыі з новага альбому «Гульня ў праўду», на які «Naka Piano» збірае цяпер грошы праз краўдфандынгавую платформу «Ulej.by».

«Гэта вельмі асабовы альбом, вельмі персаналізаваны. Гэты альбом называецца «гульня ў праўду», у ім ёсць тая шматпластоўнасць, якая вельмі мне патрэбная. Галоўная думка – нават не тая, што ёсць у песнях, а тое, што калі мы выносім свае патаемныя думкі вонкі, мы заўсёды крыху гуляемся», – распавядае пра новы альбом Наста Шпакоўская.

«Іншым» называе альбом «Гульня ў праўду» Ірына Кліменка:

«Іншы падыход, іншы настрой. Я думаю што прыхільнікі «Накі» здзівяцца паслухаўшы гэты альбом».

У «Сталіцы» прагучалі амаль усе песні з новага альбому, а сябры гурта раздалі гледачам імправізаванага канцэрту тэксты. Сапраўдная ж прэзентацыя альбому «Гульня ў праўду» чакаецца 27-га красавіка.

Іншыя тэмы: сёння 80 гадоў з дня нараджэння Міхася Стральцова. «Арт-сядзіба» абвесціла кастынг для ўдзелу ў спектаклі «Францішак. Сцэны з жыцця ды сноў». «Кахаем па-беларуску» – імпрэза Музею народнай архітэктуры і побыту да Дня святога Валянціна.

Ірына Дарафейчук belsat.eu