Агляд падзеяў культуры Naka: 12 гадоў моцы


У менскім клубе «Ілі» гурт «Naka» адсвяткаваў свой 12-ты дзень народзінаў. Канцэрт адметны яшчэ і тым, што каманда Насты Шпакоўскай апошні раз выйшла на сцэну ў такім складзе.Апошнія два гады ў жыцці «Naka» былі няпростыя. Не ўсё добра складалася з канцэртамі, крытыкі з прахалодаю ўспрынялі першы беларускамоўны альбом каманды, за выкананне мулявінскай «Малітвы» Наста Шпакоўская мусіла адказваць у судзе. Да ўсяго за гэты час гурт змяніў трох клавішнікаў і трох гітарыстаў. І вось цяпер зноў змены.НАСТА ШПАКОЎСКАЯ, САЛІСТКА ГУРТА «NAKA»: «Сёння мы выступалі такім складам апошні раз. Ад нас сыходзіць бубнач Валеры Прыёмка. Гэта не адзіная перамена, якая чакае наш калектыў: Іра чакае другое дзіця, я вельмі хачу, каб усе трымалі свае кулачкі».За 12 гадоў гурт «Naka» даў безліч канцэртаў у Беларусі ды суседніх краінах, выдаў чатыры студыйныя альбомы, зняў 15 кліпаў і спыняцца на гэтым не думае. Праблемы, перашкоды і змены ў складзе толькі загартавалі гурт.НАСТА ШПАКОЎСКАЯ, «NAKA»: «Я заўжды разлічвала на вонкавае – на аддачу звонку, а потым у нейкі момант, калі ў мяне апускаліся рукі, я зразумела, што, я самая, калі ўявіць сябе палкім інтравертам, не дам рады без гурта. Я думаю песнямі, яны мне сняцца. І я думаю, што гурт будзе жыць столькі, колькі я буду жыць».Пра найбліжэйшыя творчыя намеры музыкі казаць не хочуць – баяцца сурочыць. Але дакладна, што сёлета «Naka» яшчэ не раз нагадае пра сябе.Іншыя тэмы: на Камсамольскім возеры ўсталявалі вялізныя шахматы і партал у іншы свет. Пад Гомлем пачаўся фестываль фальклору «Берагіня».Сяргей Будкін, Аляксандра Дорская, Марына Вашкевіч, «Белсат»

Каментары