ПраСвет На 90 % Аватараў – засланец КДБ. Якую зброю прадае РБ?


Затрыманыя беларускія добраахвотнікі – хто яны, каму і навошта трэба іх кампраметаваць? Чаму Пуцін збіраецца ў Парыж? Якую зброю купляе і прадае Беларусь? Вер у Бога, але рыхтуйся да вайны – наш эксклюзіўны рэпартаж з канвенту прэпераў. Ці будзе імпічмент прэзідэнта Бразіліі перад Алімпіядай? Галоўнае за мінулы тыдзень на планеце – наша хата не з краю. «Прасвет» з Алінай Коўшык.

Баец «Правага сектару»: На 90 % «Дук» (Аватараў) – засланец КДБ

Каму патрэбная падвойная кампраметацыя добраахвотнікаў?Толькі ў мінулым выданні «Прасвету» мы распавядалі пра небяспеку, якая чакае на радзіме беларускіх і расейскіх добраахвотнікаў, што ваююць на ўсходзе Украіны. У іхных блізкіх праводзілі ператрусы, а афіцыйны Кіеў гэтак і не выканаў абяцання даць ім украінскае грамадзянства. І вось на гэтым тыдні – суд над адным і затрыманне іншага добраахвотніка. Улічваючы падрабязнасці іхных затрыманняў і словы баявых таварышаў, справы выглядаюць прынамсі спрэчна. Сюжэт Усевалада Шлыкава.[/vc_column_text]

«Аватараў сядзеў у ізалятары КДБ»: Антось Цялежнікаў пра знаёмства з падсудным добраахвотнікам

Пра складаныя справы беларускіх добраахвотнікаў мы паразмаўляем з нашым калегам – рэжысёрам-дакументалістам Антосем Цялежнікавым, аўтарам некалькіх рэпартажаў і дакументальных фільмаў пра беларусаў, якія абараняюць Украіну. Ён добра ведае іх асабіста. Да таго ж Антось толькі што вярнуўся са здымкаў на Данбасе.

Расея – Захад: імітацыя атакі, імітацыя дыялогу

У Маскве чарговы раз святкуюць дыпламатычныя прарывы. На гэтым тыдні там быў міністр замежных справаў Францыі. Жан-Марк Эро запрасіў Уладзіміра Пуціна ў Парыж. Праўда, не з афіцыйным візітам, а на адкрыццё расейскага «праваслаўна-культурнага цэнтру», куды Пуцін і так збіраўся. Таксама ўпершыню за два гады пасля анексіі Крыму ў Бруселі адбылася сустрэча рады «Расея – НАТО». Ці сведчаць гэтыя падзеі, што Пуціну даравалі напад на Украіну? Хутчэй, не. Матэрыял падрыхтаваў Яраслаў Сцешык.

Якую зброю купляе а якую прадае Беларусь? Найноўшыя звесткі

Мы жывем у часы новай халоднай вайны. Але ёсць дзяржавы, дзе адбываюцца сапраўдныя войны, – у Сірыі ці ва Украіне. Ва Усходняй Азіі агрэсіўныя паводзіны Кітаю і КНДР выклікаюць трывогу суседніх краінаў, у той час як у Паўднёвай Азіі дагэтуль застаюцца вельмі напружанымі дачыненні паміж Індыяй і Пакістанам. Адначасова ва ўсім свеце расце трывога за ўласную бяспеку на фоне ўсё больш рэальных тэрарыстычных пагрозаў. Такая напружаная сітуацыя прымушае дзяржавы выдаткоўваць на закупку зброі за мяжой вялікія грошы. Хто ж у свеце купляе і прадае найбольш узбраенняў? Якое месца ў гандлі зброяй займае Беларусь? Што купляе, а што прадае афіцыйны Менск? Звесткі сабраў Алег Мініч.

Вер у Бога, але рыхтуйся да вайны. Эксклюзіўны рэпартаж пра з’езд прэпераў

Навучыцца карыстацца зброяй і выжываць у сітуацыі, калі ўжо не будзе супермаркетаў. Гэта мэта руху прэпераў. Назва паходзіць ад англійскага слова «прэпэйр» – рыхтавацца, бо сам рух нарадзіўся ў Злучаных Штатах падчас Халоднай вайны, калі амерыканцы баяліся савецкага ядравага ўдару і рыхтаваліся да яго наступстваў. У суседняй Польшчы ўздым руху прэпераў пачаўся пасля расейскай агрэсіі супраць Украіны і вялікіх тэрактаў у Еўропе. Дзясяткі людзей з’ехаліся са ўсёй краіны на першы канвент прэпераў пад Варшаву. Свабодных месцаў не было, нягледзячы на немалы кошт удзелу. Чым яны там займаліся, высвятлялі Сяргей Пеляса і Дзяніс Дзюба.

Ці ў Бразіліі адбудзецца пераварот перад Алімпіядай?

Бразільскі парламент знайшоў вінаватую ва ўсіх эканамічных праблемах – прэзідэнта Дыўму Русэф. Праблема ў тым, што яна заслугоўвае адстаўку найменш за ўсіх. Каго насамрэч варта адправіць на пенсію? І ці адбудзецца пераварот у Бразіліі на некалькі месяцаў перад Алімпіядай? Матэрыял Дзяніса Дзюбы.

СП, belsat.eu

Каментары