На 20 дзён y вар’ятню: як помсцяць віцебскія чыноўнікі


Напісаў скаргу на лекі ад дыябету беларускай вытворчасці – атрымаў курс прымусовага псіхіятрычнага лячэння. Гэта гісторыя нашага героя з Віцебску ў некалькіх словах. Праз перажытыя здзекі ў вар’ятнi ды боязь зноў апынуцца ў «жоўтым доме» ён баіцца паказаць на відэа твар.

20 дзён – менавіта столькі Станіслаў правёў у Віцебскім абласным клінічным цэнтры псіхіятрыі і наркалогіі, які ён называе філіялам канцэнтрацыйнага лагера. Курс лячэння, які там прапісваюць пацыентам, можа ўключаць і здзекі, і пабоі, і «конскія» дозы галапірыдолу ды аміназіну.

«Калі хтосьці пачынае скардзіцца, яго проста прывязваюць да ложку ды нават б’юць!».

Наш герой стаў сведкам размовы, у якой людзі скардзіліся, што задыхаюцца, як яны мяркуюць, ад перадазіроўкі лекаў. «Усё накіравана, каб размазаць чалавека!», – кажа герой рэпартажу Ганны Бадзякі.

Глядзіце поўнае выданне праграмы «Людскія справы» пра карную псіхіятрыю:

Упершыню Станіслаў даведаўся пра тое, што хворы на цукровы дыябет на адной з медкамісіяў, арганізаваных для так званых «ліквідатараў». Як і тысячы іншых афіцэраў запасу, ён ратаваў беларусаў ад наступстваў выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Дыягназ Станіславу ставілі з пытальнікам ды доўгі час не лячылі зусім.

Выпадкова ён трапіў у эндакрыналагічнае аддзяленне абласной больніцы, дзе яму спатрэбіліся нямецкія лекі, але грошай не было. Ліквідатара пачалі лячыць беларускімі замяняльнiкамi. На iх у мужчыны развілася вострая алергічная рэакцыя.

У роспачы Станіслаў напісаў скаргу на імя прафесара Аляксандра Касінца, які ў той час быў начальнікам Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі. Праз некалькі дзён былога ліквідатара выцягнулі з кватэры, калі ён прымаў душ, ды адвезлі ў 5-е зачыненые аддзяленне…

«Калі гэта медыцына для людзей, то я чагосьці не разумею ў гэтым жыцці», – гаворыць наш герой.

Пасля аварыі на ЧАЭС Станіслаў разам з жонкай, якая была фельчаркай, апынуліся ў забруджанай зоне. Жонка згарэла хутка – ад раку міжсцення, рэдкага анкалагічнага захворвання. Пры ім з’яўляюцца злаякасныя новаўтварэнні ў грудной поласці, і чалавек памірае ад кашлю і аддышкі.

Як дапамагчы Станіславу? Пра гэта вядоўца «Людскіх справаў» Алесь Залеўскі разважае з гасцьмі студыі – кандыдатам псiхалагiчных навук Яўгенам Маліноўскім ды гісторыкам і публіцыстам Анатолем Сiдарэвiчам, які яшчэ пры савецкай уладзе сам стаўся ахвяраю карнай псіхіятрыі.

Праграму «Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius 4»), а таксама онлайн на нашай старонцы.

Сачыце за намі ў Facebook ды Instagram і памятайце: для нас няма чужых праблемаў. Чакаем вашых каментароў!