Мыла з «Пагоняй». Што падарыць патрыёту на Каляды?


«Насамрэч колькасць пакупнікоў пашырылася, і вельмі прыемная тая цікавасць, з якой людзі прыходзяць па падарункі з нацыянальным каларытам, – распавядае Ангеліна Салдаценкава з крамы «Мой модны кут». – І гэта не толькі замежнікі, якія прыязджаюць на вакацыі. Што самае прыемнае, нашыя беларусы прыходзяць».

У «Модным куце», што ў гандлёвым цэнтры «Маскоўска-Венскі», гіты продажу – календары, шапкі ды шалікі з арнаментам, манетніцы, дзіцячыя цацкі. А шмат хто і ялінку ўпрыгожыў у нацыянальным стылі, кажуць самі пакупнікі:

«Набывалі мы беларускія боцікі калядныя і пеўнікаў да Новага года, цяпер набываю гэтых міленькіх анёлкаў і кубкі».

Крама, якая называецца «Дарэчы», працуе ўжо год у гандлёвым цэнтры «Сілуэт». Адкрылі яе бацька і сын. Недахопу ў наведніках няма, а перад Новым годам увогуле быў натоўп. Да святаў гаспадары прапанавалі зніжкі, кажа Уладзімір Макей з крамы «Дарэчы»:

«Зніжкі на цішоткі з «Пагонькамі», на так званыя вышымайкі з нашым прынтом, і гэтыя зніжкі будуць увесь студзень».

Таксама ёсць цішоткі з цытатамі Барадуліна і Купалы. А ў якасці калядных падарункаў Уладзімір прапаноўвае Біблію па-беларуску або заплечнікі са старажытным гербам.

«Пагоня побач» нават у лазні. Аматару лёгкай пары можна падарыць такое патрыятычнае мыла і шапку, якая зробіць яго ваяром.

Гэта вельмі папулярны падарунак. Уладзіміру надакучыла назіраць у лазні чырвоныя зоркі ды надпісы кшталту «Паруся па-царску», і ён прапанаваў беларускія – каб адразу было бачна, што чалавек любіць сваю краіну.

Аляксандра Дорская, Настасся Храловіч, Вольга Гардзейчык

Іншыя тэмы:

  • Мастацтва дому: У менскай галерэі «Дом карцінаў» – цыкл лекцыяў пра інтэр’еры.
  • Кітай адмовіцца ад слановай косці.
  • Сястра Майкла Джэксана Джэнэт нарадзіла сына ў 50 гадоў.