Музыка сезону: Спявачка Бэкі Джы


Бэкі Джы праславілася гады два таму. Але дэбютны альбом толькі рыхтуе. Праўда, ёй пашанцавала ўдвая! Бо дзяўчыну ўзялі на адну з галоўных роляў высока бюджэтнай стужкі «Магутныя рэйнджэры», прэмʼера якой адбудзецца ў сакавіку. Што ж, фільм – чакаем, альбом – гэтаксама зʼявіцца неўзабаве, ну а паслухаць развагі дзяўчыны пра жыццё можна будзе ўжо зараз!

– Жоўты заўжды быў маім улюбёным колерам з дзяцінства, – распавядае Бэкі Джы, якая выпадкова зрабілася і акторкай кіно. – Я не шукала ніякіх роляў, была дзесьці на падпеўках і мой прадзюсар, між іншым, папрасіў запісаць пару хвілін тэкстаў і спеваў ды паслаў рэжысёру. Я не ведала і не памятала нічога, калі мне патэлефанавалі і сказалі: рыхтуйся, ты ў фільме ў ролі Трыні, жоўтай гераіні.

Тэлесерыял «Магутныя рэйнджэры» у японскім жанры «такусацу» распачаўся ў Амерыцы больш чым 20 гадоў таму. Зямныя падлеткі змагаліся там з фантастычнымі істотамі. Цяпер жа новыя героі будуць змагацца з іншапланетнікамі ў вялікім фільме, які знялі за 120 мільёнаў долараў. Адну з цэнтральных роляў выконвае Бэкі-Джы.

– А потым у старым тэлефоне я адшукала відэа, якое мой паплечнік даслаў рэжысёру. Божа, – падумала я, такая нудная лухта там была запісана. Няўжо гэта камусьці спадабалася? Бо Трыні ў «Рэйнджэрах» – гэта моцнае дзяўчо. А мне не падабаецца быць моцнай, я люблю спяваць.

– Альбом – гэта прыемнае слова. Праўда, сённяшняя моладзь жыве файламі ды сінгламі. Але для мяне сапраўдная спявачка мусіць запісваць альбомы, якія выйграюць Грэмі, а потым ты едзеш канцэртаваць. Свой першы альбом я пастанавіла запісаць на іспанскай.

– Гэты спеў атрымаўся добры, але, вось, «Sola» – першая песня, якую я запісала ў альбом, незабыўная. На адной імпрэзе я выконвала яе разам з марыячы пад акустыку. Тады здарыўся неймаверны поспех. Я адчувала вібрацыю слухачоў у зале ўсім целам.

Карʼера дзяўчыны толькі распачынаецца, але 2 мільёны сяброў у Тўітэры і 5 мільёнаў паслядоўнікаў у Інстаграме ўжо чакаюць ейнай дэбютнай кружэлкі.

Сяргей Філімонаў