«Музыка сезону»: «Рэвалюцыя у псіх-лякарні» ад гурта «Kasabian»


Яшчэ гадоў 5-6 таму, калі на якім-небудзь фестывалі «Glastonbury» на сцэну выходзіў гурт «Kasabian», і гучалі першыя акорды кампазіцыі «Vlad the Impaler», сотні тысячаў аматараў вар’яцелі, – тое быў сігнал пакалення! Сёння ўсё не так. Хлопцы шукаюць новага гучання, натхнення, энергіі, але вынік творчасці – расчараванне.

Праца ідзе, новыя запісы выходзяць, але аматары чакаюць свежай плыні.

Тым часам, самі хлопцы не адчуваюць творчага крызісу ў гурце.

«Мінулы год для нас быў складаным, але мы запісалі сапраўды выдатны альбом. Мы ганарымся вынікам», – кажуць музыкі.

У якасці аўтара ўсіх трэкаў, а таксама прадзюсара выступіў гітарыст «Kasabian» Сэрж Пізорна.

Вакаліст, які сядзіць з ім побач, проста падтрымлівае свайго сябра:

«Тут лекары выступілі супраць таго, што мы выкарыстоўваем слова «псіх» у сваім гіце. Маўляў, так нельга называць хворых. А хто тут хворы? Мы не займаемся лячэннем. Гэтым словам у нашым родным горадзе звычайна называюць арыгіналаў, людзей таленавітых ды проста непадобных да іншых».

Водгукі ад крытыкаў наконт новага альбому гурта «Kasabian» мяшаныя. Адныя, як часопіс «NME», кажуць пра глыбокія сэнсы і добрыя тэксты, іншыя, як часопіс «Clash», пішуць пра самапаўторы і крызіс ідэяў.

Шосты студыйны альбом гурта «Kasabian» зрабіўся пятым у гісторыі каманды, які ўзначаліў брытанскія чарты паводле продажаў музыкі. На туманным Альбіёне іх любяць. У траўні гурт святкуе 20-годдзе свайго існавання.

Глядзіце таксама:

Сяргей Філімонаў, belsat.eu