Муж вырваў жонцы валасы. Суддзя яго апраўдала: «У Беларусі ўсе так жывуць»


Ахвяра хатняга гвалту вымушаная жыць са сваім крыўдзіцелем у адной кватэры.

Паводле Сусветнае арганізацыі аховы здароўя кожная трэцяя жанчына ў нашай краіне пакутуе праз хатні гвалт. Вольга, шматдзетная маці, – адна з іх. Былы муж намагаўся кантраляваць кожны ейны крок. Пакуль сужэнцы былі ў шлюбе, а гэта 15 гадоў, жанчына ніколі не звярталася ў міліцыю. Як яна сама кажа, доказаў фізічнага гвалту амаль не заставалася.

Калі ж Вольга разам з чатырма дзецьмі наважылася з’ехаць з дому, муж прыехаў да сваяка нашае гераіні ды спрабаваў забраць дзяцей. Тады ён вырваў Вользе валасы. Пасля гэтага адбыўся не адзін судовы разбор. Сужэнцы ў разводзе, але Вольга вымушаная жыць пад адным дахам з чалавекам, які шмат гадоў здзекаваўся з яе.

Глядзіце сюжэт ад 5:35 хвіліны.

Іншыя тэмы праграмы «Маю права»:

Магілёўскі пенсіянер два гады змагаўся з судоваю сістэмаю

Пенсіянер з Магілёву Уладзімір Пашчанка ўжо два гады змагаецца за справядлівы суд. Ён патрабуе, каб ягоных крыўдзіцеляў пакаралі паводле закону.

Аднойчы дзве асобы спраўлялі малую патрэбу каля плоту спадара Пашчанкі. На заўвагу невядомыя адрэагавалі агрэсіўна і завязалі бойку з гаспадарамі. Пасля бойкі ў спадара Уладзіміра зафіксавалі пабоі ды пералом калена. Паводле распачатае крымінальнае справы пакаралі толькі аднаго нападніка.

Аднак прынцыповы пенсіянер не збіраўся здавацца. Каб прыцягнуць увагу да сваёй праблемы і беззаконня, ён нават намерыўся здзейсніць публічны акт самагубства. Толькі пасля гэтага на скаргі нашага героя адрэагавалі належным чынам і пакаралі другога нападніка.

Бізун ці пернік? Мінакі дзеляцца сваім вопытам выхавання дзяцей

Шмат хто з дарослых лічыць крыўдныя словы, шантаж, пагрозу пакараць прымальнымі элементамі выхавання.

Аднак Дзіцячы фонд ААН кваліфікуе ўсё гэта як гвалт над асобаю дзіцяці. Мы запыталіся ў мінакоў на сталічных вуліцах: за што можна караць дзяцей і калі можна, то якім чынам?

Удзельнічаў у вулічных пратэстах? Заплаці кампенсацыю каледжу!

Аляксей Маркевіч жыве ў Лідзе і працуе ў будаўнічай фірме «Будвектар». Дакладней – адпрацоўвае размеркаванне пасля каледжу, які скончыў летась.

Хлопец – сябра «Моладзі БНФ». Ён лічыць, што гэта і спрычынілася да затрымання напярэдадні сакавіцкіх акцыяў пратэстаў. У мясцовым ізалятары часовага ўтрымання хлопец правёў тры дні, вядома, што за гэты час на працы яму паставілі прагулы, а кіраўніцтва фірмы пагражае звальненнем. Гэта пацягне за сабою выплату кампенсацыі каледжу за неадпрацаванае размеркаванне – амаль Br 7 тыс.

Жыхары Мазыршчыны супраць аўкцыёну для арэнды Прыпяці

У Мазыры 22 траўня запланавалі таргі наконт арэнды часткі Прыпяці працягласцю 91 км і пойменных вадаёмаў плошчаю 302, 6 га.

Паводле ўмоваў аўкцыёну гэтая тэрыторыя будзе выкарыстоўвацца для арганізацыі платнае аматарскае рыбалкі ды прамысловае лоўлі рыбы. З пераможцамі таргоў падпішуць дамову на дзесяць гадоў, штогадовая плата – прыкладна Br 2800.

Усё нібыта паводле закону, але мясцовыя жыхары распавядаюць, што памятаюць сумны прыклад, як Прыпяць здавалі ў арэнду. Тады ў рацэ амаль знікла рыба, да таго ж аматарам рыбалкі няма дзе будзе бясплатна пасядзець з вудаю. Неабыякавыя грамадзяне распачалі кампанію збору подпісаў, каб скасаваць таргі.