Лета ў «Аб'ектыве» Мураванка – царква-крэпасць, куды варта прыехаць кожнаму праваслаўнаму


У вёсцы Мураванка, што на Гарадзеншчыне, ёсць незвычайная святыня – царква Раства Багародзіцы. Гэта прыгожы помнік гатычнай архітэктуры мае вельмі сталы век: каля 600 гадоў. Да таго ж Мураванка (бажніцу называюць паводле назвы вёскі) – гэта ўнікальнае абарончае збудаванне.

Але цікавая царква не толькі сваёй гісторыяй. Вось ужо 8 гадоў тут служыць айцец Міхаіл, які ведае пра святыню ўсё і з задавальненнем праводзіць экскурсіі для турыстаў. Грошай за гэта не бярэ.

«Гатычныя зводы вельмі рэдка можна ўбачыць у праваслаўнай царкве, тым больш, што гэта першапачаткова была праваслаўная святыня», – распавядае айцец Міхаіл.

Паглядзець на Мураванку прыязджаюць турысты з розных куткоў свету праз вялікую каштоўнасць не толькі самога будынку, але і культурнага, рэлігійнага значэння для вернікаў.

«Вельмі спадабалася, што царква такая прыгожая, цудоўная. Вельмі раю прыйсці сюды кожнаму праваслаўнаму чалавеку», – дзеліцца ўражаннямі Леван Аланія, турыст з Грузіі.

Царква ў Мураванцы – выбітны помнік абарончага дойлідства сімбіёзнага гатычна-рэнесансавага стылю ў Вялікім Княстве Літоўскім. Вывучэнне помніку дало навукоўцам падставы меркаваць, што Мураванка была пабудаваная паміж 1516 і 1542 гг. Аднак існуе меркаванне, што гэтая царква была пабудаваная на месцы іншай царквы, а дата зʼяўлення помніку застаецца спрэчнай, бо падчас рамонту ў 1871-72 гг. у скляпеннях знайшлі надмагільныя пліты, адна з якіх датавалася 1469 г.

Святыня перажыла шматлікія руйнаванні. Значныя пашкоджанні сценам былі нанесеныя ў ХVІІ ст. падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. Пасля кожнай вайны царква аднаўлялася, а з аднаўленнем дадаваліся і новыя аздабленні будынку, што і зрабіла абʼект унікальным помнікам з непаўторнымі дэталямі дэкору.

Фота – azarkinm.livejournal.com

Каментары