Моцныя беларускія словы. Як Кустава стварала дыялогі для «Заклятых скарбаў»


Тры з паловаю тысячы праглядаў на YouTube набрала новая, другая серыя беларускага серыялу жахаў «Заклятыя скарбы», які стварае каманда валанцёраў на чале з рэжысёрам Сержам Аўсянікам.

Адцінак называецца «Кадук».

«Мы вырашылі некалькі год назад з Валярынай [Куставай] і Змітром [Шкрадзюком] напісаць сцэнар і паспрабаваць адаптаваць кніжку «Заклятыя скарбы» пад сучаснасць,» – адзначае Серж Аўсянік.

Перадусім глядач звяртае ўвагу на эфект працы актораў і грымёраў. І мала хто здагадваецца, што за сакавітымі дыялогамі постацяў – гадзіны працы. Размовы герояў выйшлі з-пад пяра літаратаркі і вядоўцы «Белсату» Валярыны Куставай.

«Cама я фільмаў жахаў баюся, і таму, каб пранікнуцца гэтым жанрам, давялося добра вывучыць усіх класікаў фільмаў жахаў. Яшчэ ўчора я пераглядала спадара Фульчы. Хочацца цалкам адпавядаць атмасферы, законам гэтага жанру», – распавядае літаратарка.

Паводле Валярыны Куставай, серыял можна назваць моваўтваральным, бо ён замацоўвае сучасную беларускую мову.

«Даводзілася ўжываць шмат слэнгу, шмат моцных словаў. Вельмі цікава было шукаць іх менавіта ў нашай мове», – кажа Кустава.

Пра поспех другой серыі меркаваць заўчасна. Першая ж выйшла напрыканцы красавіка і набрала больш за 400 тысяч праглядаў, у той час як рэжысёр лічыў, што і сто тысячаў будзе дасягненнем.

Каманда «Заклятых скарбаў» здымае серыял на энтузіязме і без спонсараў, прынамсі пакуль.

Марына Вашкевіч