Міністры краін НАТО абмяркоўваюць, як супрацьстаяць расейскай агрэсіі


У Бруселі працягваецца двухдзённая сустрэча міністраў замежных справаў краінаў НАТО, прысвечаная супрацы абароннага блоку і Еўрапейскага Звязу. На павестцы дня каля 40 прапановаў па кааперацыі ў розных сферах. Аднымі з галоўных выклікаў застаюцца супрацьдзеянне «гібрыдным» пагрозам і рост напружанасці ў адносінах з Расеяй.

Гэта першая сустрэча ў такім фармаце пасля абрання Доналда Трампа прэзідэнтам ЗША. Новы гаспадар авальнага кабінету падчас перадвыбарчых прамоваў ставіў пад пытанне мэтазгоднасць укладаць грошы ў абарону еўрапейскіх саюзнікаў. Тыя, маўляў, выдаткоўваюць на гэтыя мэты менш, чым запісана ў статуце НАТО. Еўрапейцы даюць зразумець, што цяпер не найлепшы час для эксперыментаў у гэтым кірунку.

«Памер і характар існых, а таксама магчымых праблемаў вакол нас настолькі новы і вялікі, што ніводная з нашых дзяржаваў-чальцоў або саюзнікаў не можа даць рады з гэтым самастойна. Трэба будаваць масты і альянсы, каб разам працаваць над гэтым. Мы назіраем, як нашыя грамадзяне ўсё часцей просяць бяспекі, таму на нас ляжыць калектыўны абавязак і адказнасць – запэўніць яе», – адзначыла прадстаўніца ЕЗ у міжнародных справах Фэдэрыка Магерыні.

Пасля распаду СССР еўрапейскія чальцы Паўночнаатлантычнага альянсу 20 гадоў запар скарачалі вайсковыя бюджэты, ажно да гістарычнага мінімуму. Як вынік – амаль тры чвэрці выдаткаў НАТО фінансаваліся Злучанымі Штатамі. Сітуацыя пачала змяняцца толькі пасля анексіі Крыму Расеяй і павелічэння колькасці тэрарыстычных атак на Старым кантыненце. Амерыканскі дзяржсакратар запэўніваў, што чальцы новай адміністрацыі, нягледзячы на вострую перадвыбарчую рыторыку Трампа, працягнуць падтрымліваць саюзнікаў.

«Я цалкам упэўнены, што яны будуць па-ранейшаму адданыя фундаментальным кампанентам Трансатлантычнага альянсу і партнёрству Амерыкі з НАТО і з Еўразвязам. У мяне няма ніякіх сумневаў на гэты конт», – падкрэсліў Дзяржсакратар ЗША Джон Керы.

Другою ў чарзе, але не ў значнасці, тэмай абмеркавання стала супрацьстаянне расейскай агрэсіі ва ўсіх яе формах.

«Мы бачылі павелічэнне расейскае прысутнасці, у тым ліку на захадзе Балканаў. Мы не супрацьдзейнічаем расейскай прапагандзе прапагандаю, мы будзем змагацца з ёю адкрытымі і свабоднымі дэбатамі, бо мы верым, што праўда пераможа», – сказаў Генеральны сакратар НАТО Енс Стольтэнбэрг.

На прэс-канферэнцыі Магерыні і Стольтэнбэрг раскрылі некаторыя падрабязнасці перамоваў. Новы супольны план для нейтралізацыі пагрозаў з боку Расеі складаецца з сямі пунктаў, сярод якіх супрацьстаянне кібератакам, інфармацыйнай зброі ды расейскім нерэгулярным вайсковым групоўкам. Вядома, што адная з падпісаных дамоваў у межах гэтага плану дазволіць шасці краінам ЕЗ, якія не ўваходзяць у НАТО, атрымліваць пэўнае вайсковае падтрыманне ад ЗША. Акрамя таго, дыпламаты дамовіліся, што новым кірункам дзейнасці альянсу станецца нарошчванне патэнцыялу для супрацы з такімі краінамі-партнёрамі, як Грузія, Украіна і Туніс.

ІК, «Белсат»