Свет Міні-саміт і мега-вучэнні НАТО


Раней гэта былі сацыялістычныя рэспублікі Варшаўскай дамовы, а цяпер яны выпрацоўваюць стратэгію агульнай абароны ў складзе блоку НАТО. На адмысловы саміт у Бухарэст з’ехаліся кіраўнікі дзевяці цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх дзяржаваў.У рэзідэнцыю прэзідэнта Румыніі прыехалі кіраўнікі Балгарыі, Польшчы, Вугоршчыны, Славакіі і трох краінаў Балтыі. Прэзідэнт Чэхіі Мілаш Зэман выбачыўся і даслаў замест сябе спікера парламенту. Краіны, што цяпер называюць сябе ўсходнім флангам НАТО, прынялі дэкларацыю з асуджэннем агрэсіўных дзеянняў Расеі ва Украіне, ў тым ліку захоп Крыму. Яны заклікаюць Маскву вярнуцца на бок міжнароднага права, а Злучаныя Штаты ды іншыя краіны Паўночнаатлантычнага Блоку – даслаць на іх тэрыторыю больш войскаў. Сталыя натаўскія базы мусяць абараніць іх ад расейскай пагрозы.

«Умацаванне салідарнасці саюзнікаў і непадзельнасці іх бяспекі, у тым ліку ўмацаванне трансатлантычных сувязяў. Большая прысутнасць амерыканскіх вайскоўцаў у Еўропе. Кансалідацыя ў пытаннях бяспекі ад Чорнага да Балтыйскага мора», – пералічыў задачы прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёганіс.

Моцны эканамічна-вайсковы блок ад мора да мора – адна з любімых ідэяў новага польскага прэзідэнта. На паўнафарматным саміце, што пройдзе ў Варшаве ў наступным годзе, Анджэй Дуда абяцае паказаць, што НАТО жыве і можа даць жыхарам сваіх краінаў сталае пачуцце бяспекі.

«Больш войскаў, больш інфраструктуры, больш супольных вучэнняў і ўдасканалення супрацы між войскамі краінаў НАТО ў мэтах добрага і спраўнага, адназначнага і хуткага рэагавання на патэнцыйныя пагрозы», – прамовіў польскі прэзідэнт Анджэй Дуда.

Тым часам у Сарагосе распачалася іспанская частка комплексных вучэнняў «Адзіны трызуб». Гэта найбуйнейшыя за дэкаду вучэнні НАТО закранаюць тры краіны – Італію, Партугалію ды Іспанію. Як і міні-саміт у Бухарэсце, манеўры праходзяць пад знакам пагрозы з Блізкага Усходу – ад тэрарыстаў так званай Ісламскай дзяржавы – ды з Дзікага Ўсходу – Расеі. Расейскіх вайсковых назіральнікаў таксама запрасілі.

Каментары