Мінабароны Расеі размясціла ў Twitterʼы здымак з авіяпараду, якога не было


Расея адзначае 72-ую гадавіну перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Цэнтральны вайсковы парад прайшоў на маскоўскай Чырвонай плошчы. Удзел у ім узялі каля 10 тысячаў чалавек.

«Вам ніколі не будзе сорамна за нас. Рускі, расейскі салдат сёння, як і ўва ўсе часы, гатовы на любы подзвіг, на любую ахвяру дзеля сваёй Радзімы, дзеля свайго народу», – сказаў Уладзімір Пуцін.

Па бруку Чырвонай плошчы маршыравалі Ваенна-касмічныя войскі, якія бяруць удзел у аперацыі ў Сірыі, працаўнікі ФСБ, Нацгвардыя, дэсантнікі, заўважаныя ў вайне на паўднёвым усходзе Украіны. А таксама «Юнармія» – пракрамлёўскі моладзева-патрыятычны рух.

«Калі б там мы не ўвялі войскі, калі б не аказалі дапамогу сірыйскаму народу, то гэта ўсё прыйшло б да нас. Таму яны выконваюць абавязак па абароне нашай краіны, Расеі, за мяжой, і ўсяго свету», – кажа ветэран.

З замежных гасцей у Маскву прыехаў толькі прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон. Пралёт авіяцыі адмянілі з прычыны дрэннага надворʼя. Хоць на разгон аблокаў выдзелілі больш за паўтара мільёна еўраў. Аднак у тўітэры Мінабароны распавяло пра авіяпарад, якога не было. Па галоўнай плошчы краіны прайшлі ракетныя ўстаноўкі «Бук» ды «Іскандэр», а таксама арктычная тэхніка. «Няма такой сілы, якая здольная заваяваць Расею», – заявіў Пуцін.

«Победобесие можна зразумець – гэта было і да Пуціна ў кагосьці. Але тое, што ўсе прымудрыліся прывязаць да яго. І, як сёння нехта напісаў, – «такое адчуванне, што і Крым ён далучыў, і Гітлера ён перамог, і ўсё ён. Як гэта змяшалася ў галовах людзей, якія нешта памятаюць да, гэта дзіўна. Людзям патрэбны герой», – кажа Валянціна Чубарава з «За вольную Расею».

Шмат у якіх гарадах Расеі прайшла таксама грамадзянская акцыя «Несмяротны полк», калісьці прыдуманая журналістамі ўжо закрытага незалежнага каналу ТВ-2. Людзі маршыравалі з партрэтамі сваякоў, якія ваявалі.

Акцыя адбылася таксама за межамі Расеі. Ва Украіне яна прывяла да сутыкненняў удзельнікаў акцыі і тых, хто выступае супраць «Несмяротнага палка».

«Тое, што ён стаў праходзіць пад эгідаю дзяржавы, – гэта яшчэ паўбяды, калі б яна яшчэ не сказіла яго сутнасць. Летась ужо выдавалі партрэты невядома каго па разнарадцы. Ужо ледзь не з партрэтамі Берыі і Сталіна хадзілі, а сёлета з партрэтамі «герояў» Данбасу», – кажа Валянціна Чубарава з «За вольную Расею».

Парады Перамогі і акцыя «Несмяротны полк» прайшлі таксама ў анексавым Расеяй Крыме і ў самаабвешчаных ЛНР і ДНР. А жыхары Жалезнагорску сшылі «сінюю хустачку» 16-ці метраў даўжынёй з імёнамі ўдзельнікаў вайны. Геаграфія ахоплівае не толькі рэгіёны Расеі, але і Эстонію, Ізраіль, Грэцыю ды іншыя краіны.

«Тое нешматлікае, што засталося ў значнай часткі расейскага насельніцтва, – гэта пачуццё, што мы кагосьці ратуем і нясем камусьці справядлівасць. І гэта будзе вельмі страшны і балючы момант, калі яны ўсвядомяць, што гэта не так. Пакуль для іх гэта апраўдвае ўсё – і супрацьстаянне з усім светам, і ўласныя праблемы», – кажа Валянціна Чубарава з «За вольную Расею».

У сучаснай Расеі Дзень Перамогі падзяліўся на два святы – на свята са слязьмі на вачах і смуткам аб 42-ух мільёнах загінулых савецкіх грамадзянаў (пра такія лічбы цяпер гаворыцца афіцыйна) і на патрыятычныя ўрачыстасці пад лозунгам «можам паўтарыць».

Маша Макарава belsat.eu