Мікола Статкевіч: Ужо можна казаць пра сацыяльную нянавісць да ўладаў у рэгіёнах


«Вярнуць уладу народу» – пад гэткаю назваю сёння ў Менску прайшла акцыя, абвешчаная Беларускім нацыянальным кангрэсам. Пры гэтым, што цікава, арганізатары не падавалі заяўкі ў гарвыканкам, а толькі паінфармавалі ўлады пра свае намеры.

Нагода для акцыі – 20-цігоддзе рэферэндуму, які апаненты дзейнага рэжыму называюць не інакш як дзяржаўным пераваротам і вынікі якога гэтак і не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю. Акрамя шэрагу зменаў у Канстытуцыі нашае краіны рэферэндум, які адбыўся з ініцыятывы Лукашэнкі 24 лістапада 1996 года незаконна працягнуў паўнамоцтвы апошняга на два з паловаю гады.

Палітык і былы палітвязень Мікола Статкевіч падкрэсліў, што мэта такіх акцыяў – гэта здабыццё прасторы свабоды.

«Мы адваявалі сабе прастору свабоды ў цэнтры Менску і мы трымаем гэтую прастору. Мы чакаем пакуль беларускае грамадства саспее да таго, каб скарыстацца адваяванай намі прасторай, каб памяняць палітычную і эканамічную сітуацыю ў краіне», – адзначыў спадар Статкевіч.

На ягоную думку, на акцыі пераважалі людзі з рэгіёнаў, дзе больш заўважнае падзенне жыццёвага ўзроўню. «Некаторыя рэгіёны, асабліва ва Усходняй Беларусі, знаходзяцца ў адчайным становішчы. І вось гэты свой настрой, незадаволенасць сітуацыяй мы сёння адчулі па колькасці прысутных. Там былі людзі з Магілёва, з Гомля, з Ліды, з Баранавічаў і гэтак далей. У Менску яшчэ неяк менш марудна падае жыццёвы ўзровень, а ў рэгіёнах ужо нават нельга казаць пра сацыяльную напружанасць, ужо можна казаць пра сацыяльную нянавісць да ўладаў», – падкрэсліў былы палітвязень.

20 гадоў таму большасць беларусаў не зразумела, што адбылося, заўважыў госць «Гарачага каментара». «Адбылося злачынства, калі адзін чалавек, якому народ на выбарах даверыў захоўваць дзяржаву, гэтую дзяржаву пад сябе падмяў, па сутнасці, захапіў яе. Цяпер мы ямо тое, што прыгатавалі 20 гадоў таму і наперадзе добрага выйсця пры гэтых уладах, пры гэтым чалавеку няма. Людзі, я разумею, што страшна, што мала надзеі, веры, але ў нас няма выйсця, нам прыйдзецца яго выкідваць, мяняць, каб не загінула краіна, каб мы маглі нармальна перадаць гэтую краіну сваім дзецям, унукам. Таму прыйдзецца сабрацца з сіламі і нешта рабіць. Мужнасці, цвёрдасці, волі вам», – звярнуўся Мікола Статкевіч да тэлегледачоў «Белсату».

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu