Мікола Статкевіч пра пагрозу вайны: У сітуацыі выбару Лукашэнка можа ўцячы з парай мільярдаў


Аляксандр Лукашэнка едзе на палігон, размаўляе з вайскоўцамі ды заклікае вучыць жаўнераў таму, што патрэбна на вайне. Ці гэта толькі праверка афіцэрскага складу, або мірная краіна – не такая мірная, і што нам можа пагражаць?

Кіраўнік краіны патрабуе прыгледзецца да сістэмы вайсковае адукацыі. Ды выкрасліць з праграмаў непатрэбныя рэчы, а таксама задумацца пра неабходнасць завочнае формы. А самае галоўнае – узровень падрыхтаванасці афіцэраў, пазбяганне самападману ды ўменне перадаць досвед і ўменні падначаленым. Ці выпадковая такая пільная ўвага да войска?

Палітык ды былы палітзняволены Мікола Статкевіч зазначыў: «Ніхто не хоча вайны, але вайна можа не пытацца ў нас, можа сама прыйсці да нас. Мабыць, каб яна не прыйшла, беларусы мусяць паказаць і даказаць свету, што яны будуць бараніць сябе».

Намаганні ўладаў Беларусі палепшыць стасункі з ЗША і Еўразвязам спадар Статкевіч лічыць спробай трымання пэўнага балансу, імкненнем зменшыць ціск Расеі. Паводле былога палітвязня, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка хоць і можа даваць нейкія знакі Захаду, але насамрэч знаходзіцца «ў кішэні ў Пуціна».

«Беларуская эканоміка – стратная філія расейскай, беларускае войска – філія расейскага войска, урэшце беларуская дзяржава па ідэалогіі, духу, мове, культуры – філія расейскай дзяржавы. Ён (Аляксандр Лукашэнка – рэд.) зрабіў гэтую філію. Цяпер Расея ў крызісе, грошай не хапае. Калі грошай не хапае, асноўная фірма можа прыняць рашэнне аб ліквідацыі філіі, аб наўпроставым кіраванні. І што цяпер? Гэты чалавек загнаў нас у такую сітуацыю, з якой няма лёгкага і кароткага выйсця. Пры яго залежнасці ён можа рабіць толькі малюсенькія крокі і тое не ўсе, але ці ёсць у нас час на гэтыя крокі, ці ёсць у нас час адпаўзці ад гэтай небяспекі?» – заўважыў Мікола Статкевіч.

Паводле яго, абарона Беларусі будзе залежыць ад беларускага народу.

«На Лукашэнку вы не спадзявайцеся. Гэты чалавек усё кепскае, што мог зрабіць для нашай незалежнасці, ён ужо зрабіў. Магчыма, пад канец, калі стане выбар «альбо-альбо», то пагодзіцца ўзяць пару сваіх мільярдаў ды ўцячы ў Венесуэлу», – мяркуе былы палітвязень.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu