Агляд падзеяў культуры Міхал Анемпадыстаў распавёў пра сапраўдны беларускі колер


Які ён – колер Беларусі? Можа, гэта колер валошак або лёну, малака ці жытнёвага хлеба? Нацыянальную каларыстыку шмат гадоў даследуе паэт і мастак Міхал Анемпадыстаў, ягоная выстава адкрылася ў галерэі Беларускага саюзу дызайнераў.

На здымках – уся палітра традыцыйных для нашай культуры колераў. А знаходзіць гэтыя фарбы мастак у самых простых, базавых беларускіх рэчах. Жоўты – колер сонца, саломы і румянага бліна, чырвоны – велікоднага яйка, зялёны – сакавітай травы і недаспелых памідораў.

І хоць распавядаць словамі пра колер – справа няўдзячная, аўтар выставы мастак і дызайнер Міхал Анемпадыстаў умее сказаць паэтычна:

«Калі мы гаворым пра белы колер – гэта малако, крэйда, напрыклад, тканіна, перадусім лён адбелены – гэта ідэал хараства, самае эстэтычнае, што чалавек можа зрабіць, – гэта бялюсенькі кужалёк, не проста белы, а бялюсенькі».

Фота на выставе – гэта ілюстрацыі да кнігі Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі», якая зʼявіцца ўжо ў сакавіку. У кнізе мастак разглядае колеры як частку беларускай ідэнтычнасці. Вывучаючы фальклор, тапаніміку, этымалогію, ён спрабуе вызначыць колеры, якія падабаліся беларусам гістарычна – цягам стагоддзяў і нават тысячагоддзяў. А наш густ можа шмат сказаць пра наш характар. Чаму шэранькі каток – станоўчы герой беларускіх казак? А чорны колер – не абавязкова страшны ці жалобны?

Адказвае куратарка «Лятучага ўніверсітэту» Тацяна Вадалажская:

«У лекцыях Міхала і, спадзяюся, у кнізе – і пра тэхналогію вырабу колеру, і пра тое, у якіх традыцыях ён быў. Аўтар пералічае ўсе колеры і разглядае, як яны былі прыдатныя да беларускай культуры».

У экспазіцыі няма подпісаў да фота. Гледачы мусяць самі прыслухацца да ўласных візуальных адчуванняў.

Але на выставе, якая будзе працаваць да 24 сакавіка ў памяшканні Саюзу дызайнераў у Менску, арганізатары з Лятучага ўніверсітэту ўжо паабяцалі зладзіць экскурс па беларускай каларыстыцы ад Міхала Анемпадыстава.

Іншыя тэмы:

Культура – за Курапаты. Хто прыехаў да «бочкі годнасці»?

Бялыніцкі-Біруля і Бархаткоў – на марках.

Польская архітэктура ў кантэксце іерархіі гісторыі.

Глядзіце таксама:

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык, belsat.eu

Каментары