Агляд падзеяў культуры Мемуары антыгероя ў апрацоўцы Аляксандра Фядуты


Кнігі прысвячаюць не толькі героям. Літаратуразнаўца Аляксандр Фядута выдаў мемуары жорсткага ліхадзея беларускай гісторыі Міхаіла Мураўёва-Вешальніка і выступіў з лекцыяй пра яго ў галерэі «TUT.BY».Міхаіл Мураўёў – генерал-губернатар Паўночна-Заходняга краю – вядомы тым, што задушыў паўстанне Кастуся Каліноўскага: 128 чалавек былі пакараныя смерцю і тысячы сасланыя ў Сібір. Граф клапаціўся пра тое, якім застанецца ў памяці нашчадкаў, і за год да смерці ў Пецярбурзе надыктаваў мемуары. Гэтыя «Нататкі» выдаваліся двойчы ў Польшчы, а таксама ў Расеі – праўда, там Мураўёў апісваецца ратавальнікам і ўзорам для расейскіх палітыкаў. Таму выданне Аляксандра Фядуты – гэта першая спроба аб’ектыўна пракаментаваць мемуары, улічваючы сведчанні сучаснікаў і навуковыя працы.«Няшмат тагачасных кіраўнікоў такога ўзроўню, як Мураўёў, пакінулі свае ўспаміны. Вось менавіта каб зразумець, што рабілі на нашай зямлі 150 гадоў таму, трэба прачытаць гэтую кніжку», – заначае літаратуразнаўца.У прадмове Аляксандр Фядута падае разнастайныя факты – напрыклад, што Мураўёў быў баявым афіцэрам, які атрымаў раненне ў Барадзінскай бітве, з прычыны чаго хадзіў з кійком, або што браў удзел у патаемных дэкабрысцкіх супольнасцях, варагаваў з імператарскай сям’ёй, а мянушку Вешальнік атрымаў яшчэ за 30 гадоў да паўстання Каліноўскага.«Ён паўстае звычайным расейскім імперскім чыноўнікам, разумным. Гэта чалавек, які выконвае свае абавязкі кіраўніка карніцкай экспедыцыі з пэўнаю зацікаўленасцю ў выніку. І з майго пункту гледжання, гэта чалавек, якога не трэба дэманізаваць, таксама як і не трэба кананізаваць», – разважае Аляксандр Фядута.Выданне літаральна днямі з’явіцца ў краме «Акадэмкніга».Іншыя тэмы: гомельскі гурт «TT’34» зладзіў канцэрт для землякоў з нагоды прэзентацыі новага альбому. Выстава «Нафта. Мастацтва без межаў» і майстар-клас па маляванні нафтаю прайшлі ў Музеі сучаснага мастацтва.Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Каментары