Медыі: Адміністрацыя Трампа разглядае ўмяшальніцтва ў КНДР




Саюзнікі Злучаных Штатаў у Паўднёва-Усходняй Азіі занепакоеныя магчымай падрыхтоўкай сілавой змены рэжыму ў КНДР. Як паведамляе газета «The Wall Street Journal», яны рыхтуюцца да змены палітыкі ЗША адносна Пхеньяну. Вашынгтон разглядае і самыя радыкальныя варыянты дзеянняў. Усё гэта на фоне ядравых пагрозаў і магчымага ўжывання хімічнай зброі з боку КНДР.

Сёння паліцыя Малайзіі адпусціла аднаго з чатырох падазраваных у забойстве Кім Чэн Нама, брата дзейнага кіраўніка КНДР. Грамадзяніна Паўночнай Карэі заўтра дэпартуюць на радзіму, афіцыйна – праз тое, што доказаў недастаткова. З гэтай нагоды прадстаўнік Пхеньяну ў чарговы раз заявіў пра недатычнасць паўночнакарэйскага рэжыму да трагедыі ў аэрапорце Куала-Лумпура. У КНДР спачатку не прызнавалі, што памёр брат Кім Чэн Ына, а цяпер кажуць, што ён памёр сам, з натуральных прычынаў.

«Паводле нашай інфармацыі, гэты чалавек меў праблемы з сэрцам і час ад часу праходзіў лячэнне ў шпіталі. І звычайна ён не мог вандраваць без медыкаментаў ад хваробы сэрца», – заявіў афіцыйны прадстаўнік КНДР Ры Тонг Іль.

Паводле следства, брата Кім Чэн Ына забілі нярвова-паралітычным рэчывам VX, калі Кім Чэн Нам чакаў пасадкі на рэйс. У Паўднёвай Карэі кажуць аб непасрэдным удзеле ўраду КНДР. А былы паўночнакарэйскі дыпламат абвесціў, што забойства немагчымае без санкцыі кіраўніка КНДР.

«Паўночная Карэя – гэта грамадства, кіраванае тэрорам. Ніхто, акрамя Кім Чэн Ына, не мог бы аддаць загаду забіць Кім Чонг Нама», – мяркуе былы дыпламат КНДР, уцякач у Паўднёвую Карэю Тхэ Ёнг Хо.

Справа аб ужыванне хімічнай зброі ў грамадскім месцы супраць палітычнага праціўніка Кім Чэн Ына ўзмацніла напружанне ў рэгіёне. Малайзія адмяніла бязвізавы рэжым для грамадзянаў КНДР. А Паўночная і Паўднёвая Карэя працягваюць пагражаюць адно адному ваеннымі манеўрамі.

«Цяпер, калі амерыканскія імперыялісты і іхныя марыянеткавыя паўднёвакарэйскія сілы зноўку распачалі небяспечныя ядравыя вучэнні на парозе КНДР, нашая армія будзе адказваць ім самым жорсткім супрацьдзеяннем!» – такія словы прагучалі з вуснаў дыктару тэлебачання КНДР.

Напярэдадні Паўднёвая Карэя разам з амерыканскім кантынгентам распачала буйныя вучэнні, як адказ на нядаўнія выпрабаванні КНДР балістычных ракетаў і атамных бомбаў.

Вось што заявіў пра гэта прадстаўнік войска Паўднёвай Карэі Но Чэ Чхон:

«Калі Паўночная Карэя зробіць правакацыі, не звяртаючы ўвагі на сурёзныя папярэджанні з боку нашых войскаў, мы не вагаючыся сувора пакараем КНДР, каб абараніць жыцці і ўласнасць нашага народу».

Раней Доналд Трамп паабяцаў «не дапусціць» стварэння Паўночнай Карэяй балістычнай ракеты, здольнай данесці ядравую боегалоўку да Злучаных Штатаў. Паводле медыяў, цяпер адміністрацыя Трампа разглядае ўсе варыянты ўмяшальніцтва, ад прызнання КНДР ядравай дзяржавай да баявых дзеянняў супраць рэжыму Кім Чэн Ына.

Чытайце таксама: