Маці салдата: Бацькі таксама вінаватыя ў трагедыі ў арміі


Чаму ў салдат тэрміновай службы адбіраюць тэлефоны?

Грамадская актывістка, праваабаронца Наталля Басалыга заклікае бацькоў салдат не маўчаць, калі ў арміі парушаюцца правы іх сыноў і тым больш калі яны ведаюць пра факты «дзедаўшчыны».

«Я скажу жорстка, можа быць. Калі гаворыш з бацькамі ахвяраў «дзедаўшчыны», аказваецца: яны ведалі, што адбывалася. Безактыўнасць і прыводзіць да трагедыяў, тут ёсць і віна бацькоў. Хай бы мамы паступалі як я: калі не змагла датэлефанавацца да сына, то падняла ўсе міністэрствы», – згадвае Наталля Басалыга, сын якой Іван служыць цяпер у арміі і прайшоў якраз праз «вучэбку» у сумнавядомых Печах.

У выніку яна нават дамаглася прыёму ў міністра абароны Андрэя Раўкова.

«Я ўзняла ў тым ліку і пытанне пра тое, навошта адбіраць у салдат тэрміновай службы тэлефоны. Мне адказалі, што салдаты размаўляюць з сябрамі, а потым удаюцца ў дэпрэсію. І могуць быць суіцыды. Але мы павінныя ведаць, што з нашымі дзецьмі адбываецца, бо аддаем іх у армію, а не ў палон», – кажа Наталля.

«І вайсковыя псіхолагі павінны працаваць, ствараць адпаведны мікраклімат. Яны атрымліваюць 700-800 рублёў. Калі ёсць факты «дзедаўшчыны», значыць, псіхолагі не працуюць як след. Мне міністр Раўкоў абяцаў вывучаць новыя методыкі працы ваенных псіхолагаў, але вось мы маем новыя смерці», – дадае жанчына.

Падрабязней пра гэта, а таксама пра тое, чаму Сашу Коржыча ў Печах павесілі, а не ён павесіўся сам, пра спробы паказаць фільм «Крым» у Беларусі ды пра іншыя падзеі мінаючага тыдня – глядзіце ў поўным выданні перадачы «Размова дня» з Усеваладам Сцебуракам.