Мастакі прысвяцілі сваё творы вандроўніцы, якая малявала за кавалак хлеба


Знакамітыя маляваныя дываны Алены Кіш натхнілі чацвёрку сучасных мастакоў стварыць уласны наіўны райскі свет. Што атрымалася, можна пабачыць на выставе ў галерэі «Універсітэт культуры».

У самае лета мастакі два тыдні правялі ў вёсцы Дуброва на Лагойшчыне, вынікам пленэру і стала гэтая выстава.

«Мастакі, з якімі мы працавалі, не пішуць у стылістыцы наіўнага мастацтва, яны не робяць маляваных дываноў, але іх агульны жыццёвы падыход падобны да таго, што рабіла Алена Кіш, а яна стварала рай на палатне. І гэты рай стваралі мастакі ў сваіх палотнах і скульптуры», – заўважыла куратарка выставы Вольга Кліп.

Кожны шукаў свой райскі сад: Аляксандр Наўгародскі, гомельскі кераміст, – ствараючы мудрагелістыя гліняныя імбрычкі ды акарыны, Аляксандр Рэпка, мастак з Севастопалю, – у карцінах з арэолам парыжскага багемнага жыцця. А Ганна Балаш вышыла свае дываны ды намалявала казачны дом для Алены Кіш, якога ў мастачкі-вандроўніцы не было.

«Для большасці беларускіх мастакоў яна як своеасаблівая ініцыяцыя, калі ты раптам разумееш, што ў свеце ёсць цуд. І гэтая выстава ні ў якім разе не суперніцтва, не імітацыя Алены Кіш, гэта проста вялікая ўдзячнасць», – падкрэсліла мастачка Ганна Балаш.

Аляксандр Дзямідаў на беразе возера пабачыў вясковых хлапцоў, якія цэлілі ў рыбу з лука. Гэты наіўны сюжэт стаў метафараю свету мастачкі.

«Напэўна, гэта вобраз Алены Кіш, якая па сутнасці была раненая рыба», – заўважыў мастак Аляксандр Дзямідаў.

Алена Кіш, мастачка са Случчыны, хадзіла з вёскі ў вёску і малявала дываны часам за кавалак хлеба, людзі лічылі яе дзівачкай. На 49-м годзе яна скончыла жыццё самагубствам, кінуўшыся ў раку. Сёння ейнае імя – у ліку сусветна вядомых мастакоў-прымітывістаў. На выставе можна пабачыць дываны Алены Кіш з фондаў музею-запаведніку «Заслаўе» і прыватнай калекцыі.

Іншыя тэмы: У Магілёве прэзентавалі першы ў Беларусі альбом, прысвечаны гісторыі фота. Японскі погляд на «Нашу ніву». Беларуска-польскі вернісаж у «Культурным цэнтры Беларусі» ў Варшаве.

Ірына Дарафейчук, Аляксандра Дорская, «Белсат»