Мастачка зладзіла выставу з адным экспанатам – пашпартам


[/vc_column_text][vc_column_text]На гэтай выставе толькі адзін экспанат. Мастачка Антаніна Слабодчыкава зрабіла інсталяцыю з уласнага пашпарта.

Гэты пашпарт Антаніна атрымала ў 1994-м годзе, але скарыстаць яго яна змагла толькі 9 месяцаў і 22 дні. Потым пашпарты з «Пагоняю», уведзеныя ў пачатку беларускае незалежнасці, разам з гербам і сцягам у краіне памянялі на новыя. Мастачка захавала дакумент як рэліквію і, знайшоўшы на паліцах праз шмат гадоў, зрабіла яго арт-абектам. Тыя 9 месяцаў і 22 дні сталіся перыядам вызначальных зменаў у Беларусі, а для самой Антаніны гэта быў найшчаслівейшы час.

АНТАНІНА СЛАБОДЧЫКАВА, МАСТАЧКА:

«Гэта быў такі час, калі я паступіла ў мастацкую вучэльню. І гэта быў самы цудоўны час, які толькі можна згадаць у жыцці. Напэўна, таму, што гэта маладыя часы, першы курс вучэльні, першая стыкоўка з мастацтвам».

Пашпарт патанае ў штучных кветках, якімі мастачка любіць аздабляць свае аб’екты. Увогуле эстэтыка мёртвага, незваротнага, настальгічнага праступае ўва ўсіх ейных працах.

АНТАНІНА СЛАБОДЧЫКАВА, МАСТАЧКА:

«Паколькі ў маім мастацтве мяне цікавяць такія тэмы, як час, памяць, смерць, то праца вось пра гэта».

Інсталяцыя ўдала ўпісалася ў арт-прастору «Падземка» – гэта невялікая дзірка ў падлозе, накрытая шклом, у галерэі «Ў». Там аб’ект застанецца да 30 верасня.

Іншыя тэмы: Другі міжнародны фестываль арганнай ды камернай музыкі «Ars Organi Grodnensi II» ладзяць у Горадні. Восьмы фестываль новага этна «Вольнае паветра» запрашае на хутар Шаблі на Валожыншчыне.

Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук, «Белсат»