Масква стварае новыя войскі, якія будуць весці барацьбу ў інфармацыйнай сферы


Пра існаванне ў Расеі новага кантынгенту паінфармаваў міністр абароны Сяргей Шайгу. З ягоных словаў, створаная структура яшчэ больш эфектыўная за тую, што называлі контрпрапагандай. Ці азначае гэта пачатак новых інфармацыйных войнаў Крамля?

Сучасная вайсковая тэхніка, высокакваліфікаваныя кадры ў арміі. Расейскае кіраўніцтва пры кожнай нагодзе падкрэслівае высокую абароназдольнасць краіны. Аднак пра існаванне гэтых войскаў у Расеі мала хто ведаў. Міністр абароны Сягрей Шайгу падчас выступу ў Думе ўрэшце адкрыў таямніцу.

«Створаныя войскі інфармацыйных аперацыяй. Яны нашмат больш эфектыўныя і мацнейшыя за ўсё тое, што вы тут называлі. Прапаганда мусіць быць разумнай, граматнай», – заявіў міністр абароны РФ Сяргей Шайгу.

Адказ вайскоўца прагучаў пасля выступу кіраўніка фракцыі ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага.

«Вось цяпер патрэбная спецпрапаганда. Трэба не толькі ведаць войска ворага, але і падрыхтавацца да працы з насельніцтвам», – мяркуе Жырыноўскі.

Як дзее прапаганда Крамля ў выпадку працы з мясцовым насельніцтвам, міжнародная супольнасць паспела пераканацца падчас анексіі Крыму і вайны на Данбасе. Паводле экспертаў, за пачаткам канфлікту ва Украіне стаялі менавіта пракрамлёўскія медыі.

«Цяпер самае моцная зброя Крамля гэта не ядравыя ракеты, а зомба-яшчык, замбаванне людзей. Вайна на Данбасе была выкліканая толькі зомба-яшчыкам, выключна пры дапамозе тэлевізара. Але гэта было «на общественных началах». Цяпер яны вырашылі стварыць дзяржаўную прапагандысцкую машыну», – каментуе вайсковы журналіст Аркадзь Бабчанка.

Дагэтуль Крэмль абвяргаў звесткі аб існаванні ў структурах расейскай арміі кібервойскаў. У студзені міжнародныя крыніцы паінфармавалі, што Расея ўваходзіць у пяцёрку краінаў, дзе вылучаюцца вялікія сродкі на шпіянаж, кібератакі і інфармацыйныя войны. Паводле дадзеных кампаніі «Zecurion Analytics», у склад інфармацыйных войскаў уваходзіць каля тысячы асобаў. Для яе існавання Крэмль штогод вылучае трыста мільёнаў долараў.

«А гэта перш за ўсё кепская навіна для бліжэйшых суседзяў Расеі. Пасля пачатку вайны ва Данбасе працу над абароназдольнасцю ў межах НАТО пачалі краіны Балтыі і Польшча. Збройны канфлікт ва Украіне ізноў абвастрыўся. Дачыненні паміж Масквою і Менскам зазнаюць чарговых выпрабаванняў. Газавая, нафтавыя і харчовыя войны перайшлі ў новую стадыю. Нялёгка, відавочна, будзе цяпер і на інфармацыйным фронце», – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Тое, што інфармацыйная вайна супраць беларусаў даўно вядзецца Крамлём ужо не сакрэт. Сведчаць пра гэта апошнія выказванні асобаў, набліжаных да расейскіх уладаў. На думку былога генерала вонкавай выведкі, гісторыка Леаніда Рашэтнікава, такая краіна як Беларусь увогуле не існуе.

«Чым вы хочаце ганарыцца? Польскай шляхтай ці ліцвінскімі князямі? Як вас можа абураць тое, што я гавару: і Беларусь, і Украіна – гэта частка вялікай Расеі?», – пытаецца Леанід Рашэтнікаў з Інстытуту стратэгічных даследаванняў.

Падобныя выказванні гучалі з вуснаў пракрамлёўскіх чыноўнікаў яшчэ да пачатку вайны на Данбасе. Тады шмат хто ў Еўропе не прыдаў ім асаблівага значэння.

Ян Бабіцкі, «Белсат»