Маніфестацыі ці рэзалюцыя: што чакае Лукашэнку ў Бруселі?


Беларускія актывісты яшчэ не вызначыліся, як сустракаць Аляксандра Лукашэнку ў Бруселі, калі ён прыбудзе туды на саміт «Усходняга партнёрства» 24 лістапада, кажа новы нацыянальны каардынатар Форуму грамадзянскай супольнасці УП Мікалай Кванталіяні.

«Ці будуць маніфестацыі? Давайце дачакаемся, ці Лукашэнка ўвогуле паедзе на саміт» – сказаў Кванталіяні ў «Размове дня» са Святланай Калінкінай.

Нагадаем, Лукашэнка ўпершыню атрымаў персанальнае запрашэнне на саміт «Усходняга партнёрства», а заходнія дыпламаты між тым анансавалі прыняцце праграмы супрацы паміж Еўразвязам і Беларуссю.

Якая роля будзе адведзеная ў гэтай супрацы і дыялогу грамадзянскай супольнасці, ці не паспрабуюць беларускія ўлады на ўзор Азербайджана «купіць», запужаць і ў выніку замясціць яе прадзяржаўнымі грамадскімі арганізацыямі, пра лічэнне птушак і пры гэтым недалічванне праваабаронцаў як наступства таго, што Беларусь цяпер не ў фокусе палітыкі ЕЗ – пра ўсё гэта глядзіце ў поўным выданні праграмы «Размова дня» Святланы Калінкінай з Мікалаем Кванталіяні.