Малыя менчукі чытаюць на «Boo!Kids»


Хоць фестываль дзіцячай кніжкі прайшоў амаль без беларускамоўных выданняў.

Неймаверная канцэнтрацыя дзяцей у прасторы «Верх»! Тут адбываецца кніжны фестываль «Boo!Kids». Не ўсе яго наведнікі ўжо ўмеюць чытаць, затое могуць слухаць казкі, маляваць і глядзець спектаклі.

Навучыцца варыць мыла, распісаць пернікі ды нават зрабіць цэлы кардонны горад з жыхарамі – і ўсё гэта паводле ўлюбёных кніг. Майстар-класы і чытанні займалі дзяцей цэлы дзень. А таму дарослыя не шкадавалі грошай (усё ж уваход для іх каштаваў 22 рублі) і таксама ўцягваліся ў разнастайныя актыўнасці. Фестываль «Boo!Kids» ужо двойчы ладзіцца камандаю з трох маладых бацькоў, якія самыя любяць чытаць кнігі сваім дзецям:

ТАЦЦЯНА ЮЗЭФОВІЧ, АРГАНІЗАТАРКА ФЕСТЫВАЛЮ «BOO!KIDS»:

«І мы неяк сабраліся і зразумелі, што не хапае такога мерапрыемства, дзе можна было б распавесці больш пра магчымасці кнігі. То бок можна не проста яе прачытаць, а і пагуляць з ёй, і лагічныя задачы нейкія рашаць – гэта ўсё дзякуючы кнізе».

Падтрымалі фэст вядомыя сем’і. Акторы Павел Харланчук і Ганна Южакова паказалі спектакль «Не хачу быць прынцэсАЙ», спявачка Вера Карэтнікава чытала ўлюбёную казку, а мастакі Міхаіл Гулін ды Антаніна Слабодчыкава разам з дачкою Марусяю выступілі з лекцыяй пра дыназаўраў.

Выдавецтвы ды кнігарні не проста прадавалі кнігі, але і стваралі на сваіх стэндах гульнявыя пляцоўкі. Што праўда, беларускіх выданняў тут амаль не было:

ВОЛЬГА, НАВЕДНІЦА:

«Асартымент кніг той, што звычайна сустракаецца на кніжным кірмашы, там заўжды бракуе беларускіх кніг. Таму, можа, трэба сюды паклікаць галерэю «Ў», каб яны выставілі беларускіх кніжак паболей».

Арганізатары абяцаюць прыслухацца. І дадаюць, што запрашалі выступіць некалькіх беларускіх аўтараў, але яны не змаглі ўзяць удзелу ў час адпачынкаў.

Іншыя тэмы: На хутары Шаблі адгрымела «Вольнае паветра». У інтэрнэце зʼявілася песенная мапа Гомельшчыны.

Аляксандра Дорская, Марына Вашкевіч belsat.eu