Магічны рэалізм ад «Shaman Jungle» – беларускамоўны кліп паводле старажытнай замовы


Налібоцкая пушча, паляванне як патрэба і прырода як жывая істота. Гурт «Shaman Jungle» прэзентаваў свой першы беларускамоўны кліп. Асновай кампазіцыі «Нагавор» стала старажытная замова на паляванне.

«Мы паспрабавалі ў гэтым кліпе зрабіць сон, у якім чалавек нагавор прачытаў, пабачыў яго наступствы і пражыў гэты нагавор», – зазначае лідар гурта Юрый Данскоў. Галоўная гераіня і рэжысёрка кліпу Юлія Холева тлумачыць, якія вобразы хацела выявіць у кліпе: «Тыя вобразы, што я хацела ўкласці, – вобраз птушкі, якую я іграла, і вобраз шаманкі. Гэта нагавор на паляванне, і мы хацелі паказаць сувязь прыроды і чалавека, наколькі ўсё ідзе разам».

Знялі кліп за два дні ў Налібоцкай пушчы. Кампазіцыя «Нагавор» уваходзіць у новы альбом «Amaizing», які музыкі стварылі і запісалі на хутары за пяць дзён. Гэта будзе ўжо трэці альбом гурта «Shaman Jungle».

«Гэта альбом пра кантакт нас як музыкаў з прыродаю, бо мы адмыслова сябе пагрузілі ў атмасферу без гораду, без праблемаў, без мітусні, гэта была нашая канцэпцыя», – адзначае Юрый Данскоў.

Сам альбом з’явіцца ўжо на пачатку лютага, і музыкі абяцаюць незвычайны выгляд, «які адпавядае яго прыроднаму і сырому гуку». А 11 сакавіка ў клубе «Бруге» адбудзецца прэзентацыя альбому «Amaizing».

Ірына Дарафейчук

Іншыя тэмы:

  • Выставу сэлфі рыхтуе галерэя сучаснага мастацтва «Saatchi Gallery» Лондане.
  • Адбылася першая прэзентацыя экспазіцыі новага Музею Другой сусветнай вайны ў Гданьску.
  • Сусветная прэмʼера чарговай часткі франшызы «Прыстанак зла: Апошняя частка» распачнецца заўтра.